Лаўрынас Кашчунас, кіраўнік парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сойме Літвы

Лаўрынас Кашчунас, які ў парлямэнце Літвы ачольвае дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь», выбраны новым дакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па палітычных пытаньнях і бясьпецы.

Выбары прайшлі 8 ліпеня ў Люксэмбургу, дзе ў гэты дзень завяршылася штогадовая сэсія ПА АБСЭ. Пра гэта Свабодзе паведаміў сябра беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі, старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі.

Лаўрынас Кашчунас прадстаўляе партыю літоўскіх кансэрватараў, якая ўваходзіць у Эўрапейскую народную партыю. Статус назіральніка ў гэтай міжнароднай структуры ўжо каля 10 гадоў мае і Аб’яднаная грамадзянскай партыя. Яе былы лідэр Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Свабодзе выказаў спадзяваньне, што з выбраньнем Кашчунаса спэцдакладчыкам узьнікае магчымасьць вярнуць беларускую тэму ў парадак дня Парлямэнцкай асамблеі.

Старшынём ПА АБСЭ перавыбралі парлямэнтара з Грузіі Георгія Цэрэтэлі.

Поделиться ссылкой: