Фота: Здымак: Плакат, як вывесіў Мечыслаў Супрон на старым мосце ў Гродне

Мечыслаў Супрон атрымаў 127,5 рублёў штрафу за тое, што вывесіў на старым мосце ў Гродне плакат «Нёман атручаны лідскай ЖКГ».

Такім чынам Супрон пратэставаў супраць зліву з ачысных збудаванняў бруднай вады ў Дзітву і Нёман у Лідзкім раёне. Забруджванне рэчак было выяўлена пасля таго, як пачаўся масавы мор рыбы ў тых месцах куды траплялі сцёкі.

У судзе Супрон патлумачыў, што і сам быў пацярпелым, паколькі ў той час разам з малым сынам адпачываў на Нёмане ў Бярозаўцы і дзіця пасля купання ў рацэ захварэла.

Супраць Супрона ў судзе сведчыў міліцыянт, які першым заўважыў на мосце плакат і даклаў аб гэтым свайму кіраўніцтву.

“Я разумеў, што мяне за гэта асудзяць, — сказаў “Народнай волі “ Супрон. – Але па вялікім рахунку да адказнасці трэба прыцягваць прадстаўнікоў тых структур, якія ведалі аб гэтай трагедыі, а ўводзілі ў зман людзей, што нічога не адбывалася і людзі, нічога не падазраючы, ішлі ў рэчцы купацца”.

Праз тыдзень ад пачатку зліваў забруджванне Дзітвы праз ЖКГ пацвердзілі пробы, узятыя камітэтам аховы прыроды.

У Лідзе за падобныя акцыі былі асуджаныя актывісты з Бярозаўкі Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус. Іх аштрафавалі на 255 рублёў кожнага.