Яно вядзецца з мэтай ідэнтыфікацыі астанкаў Віктара Каліноўскага з парэшткамі яго брата Кастуся Каліноскага, кіраўніка паўстання 1863 года. Мяркуецца, што менавіта астанкі Кастуся Каліноўскага былі выяўлены літоўскімі археолагамі пры раскопках у Вільнюсе.

Сёння ў Свіслач прыехалі прадстаўнікі Следчага камітэту з Мінска і Гродна, беларускія і літоўскія археолагі, а таксама прадстаўнікі літоўскай амбасады ў Беларусі.

Паводле Уладзіміра Хільмановіча, які прысутнічае на раскопках як прадстаўнік грамадскасці, ужо дэмантаваны помнік, з надмагілля знятая плітка.

“Афіцыйна было заяўлена, што помнік і надмагілле незалежна ад вынікаў раскопак будуць адноўленыя”, — распавядае Хільмановіч.

Ён кажа, што асноўная праблема ў гэтай справе палягае на тым, што дакладна невядома ці пад магілай знаходзяцца астанкі  Віктара Каліноўскага.

“Пахаванне адбылося больш як 100 гадоў таму, за гэты час тут адбывалася шмат зменаў, — кажа Хільмановіч. – Перабудоўвалі царкву, якая зусім побач з магілай, за гэты час маглі кагосці падхаваць і г.д. І гэтую фармуліроўку ніхто з беларускіх і літоўскіх археолагаў не аспрэчваў”.

Хільмановіч кажа, што рашэнне аб даследаванні магілы Віктара Каліноўскага было прынята пасля таго, як літоўскі бок звярнуўся да беларускіх улад з такой просьбай. Літоўскія навукоўцы кажуць, што іншых слядоў, каб ідэнтыфікаваць Кастуся Каліноўскага, яны не ведаюць. Хаця насамрэч, паводле Хільмановіча, пахаванні блізкіх людзей кіраўніка паўстання 1863 года яшчэ можна знайсці на тэрыторыі Беларусі, а таксама на Беласточчыне ў Польшчы.

Нагадаем, што парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863 года знайшлі на гары Гедыміна ў Вільнюсе падчас адмысловых будаўнічых прац па ўмацаванню глебы. Кастусь Каліноўскі быў павешаны 22 сакавіка 1864 году ў Вільнюсе на Лукішках. Яму было тады 26 гадоў. Зараз праходзіць працэс ідэнтыфікацыі парэшткаў, якія меркавана належаць Каліноўскаму.

У Свіслачы пачалося даследаванне магілы Віктара Каліноўскага
Праца па даследаванню магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы