Вядомы бізнесмен, былы ўладальнік «Камунаркі» і «Спартака» ў нью-ёркскім рэстаране «Беларуская хатка» адзначыў 50-годдзе сумеснага жыцця.

Нагадаем, што Марат Новікаў з’ехаў з Беларусі ў 1989 годзе, жыве ў Нью-Ёрку, але адсочвае ўсе беларускія навіны. Пражыўшы ў Амерыцы шэсць гадоў, ён стаў грамадзянінам ЗША і атрымаў пашпарт. І дзеці, і ўнукі Новікава – таксама амерыканцы.

«Цяпер радуюся, што дзякуючы сваёй жонцы зрабіў правільны крок і з’ехаў», – дзяліўся Марат Міхайлавіч падрабязнасцямі асабістага жыцця з «Народнай Воляй». – Менавіта жонка настаяла на гэтым пераездзе. Я яшчэ неяк вагаўся, таму што жыў быццам бы нядрэнна ў Беларусі, праца была цікавая. А жонка з’язджала ад Чарнобыля. Яе бацька быў вялікім начальнікам, ужо ў тыя часы ездзіў за мяжу. І яна па расказах бацькі ведала, як у Штатах жывуць людзі. Свабодна дыхаюць, вольна ходзяць, нікога не баяцца, ніхто ім не дыктуе сваю волю. Яна настаяла, і мы паехалі…»

«50 гадоў сумеснага жыцця – гэта тэрмін! – гаворыць Вольга Новікава, дачка Марата Міхайлавіча. – Мама і тата – гэта суперпара! Яны падобныя адзін на аднаго прыкладна гэтаксама, як агонь і вада, зіма і лета. Поўная супрацьлегласць! Мама заўсёды з намі, дзецьмі, разбіралася ціха і спакойна. Тата шумеў, крычаў і… песціў. Мама заўсёды была дома. Таты, наадварот, дома ніколі не было. Калі мы з братам прасілі ў мамы 10 долараў, яна давала 5 і казала, што больш няма. Тата заўсёды пытаўся, навошта так шмат, і даваў у два разы больш. Мама нас шкадавала, тата караў, але справядліва. Затое ў адносінах да ўнукаў у іх сапраўдная ідылія! На іх думку, нашы дзеці заўсёды галодныя, разбэшчаныя і мы не займаемся іх выхаваннем.

Вядома, у мамы з татам у жыцці здаралася рознае. Але яны здолелі захаваць і сям’ю, і дзіўны клопат адзін пра аднаго. Зараз яны клапоцяцца і пра нашы з Андрэем сем’і. Мне вельмі хочацца, каб яны яшчэ доўгія гады клапаціліся пра нас. Хай тата бурчыць і шуміць, а мама перажывае, што дзеці паміраюць ад голаду. А мы з Андрэем будзем ціха маліцца, каб яны былі здаровыя і даўжэй былі побач…»

Юбілей сямейнага жыцця святкавалі ў беларускім рэстаране, які належыць Марату Новікаву. А запрошаным госцем быў скандальны расійскі спявак Прохар Шаляпін.

З АСАБІСТАЙ СПРАВЫ

Марат Новікаў нарадзіўся ў Мінску. У 1976 годзе скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у ЦУМе, у сістэме «Інтурыста». У ЗША стаў віцэ-прэзідэнтам буйной фінансавай кампаніі Double Star International. Да 2012 года Марат Новікаў кантраляваў дзве найбуйнейшыя кандытарскія фабрыкі краіны. Затым здарылася незабыўная нацыяналізацыя «Спартака» і «Камунаркі». Новікаў стаў персонай нон-грата ў Беларусі.