Новы від упакоўкі – пакет з кукурузы. Фота аўтара

У некаторых гродзенскіх крамах з’явіліся незвычайныя пакеты для прадуктаў харчавання, якія вырабленыя з кукурузы. За кошт біялагічнай сыравіны пакет утылізуецца разам з арганічнымі адходамі і цалкам раскладаецца за пару месяцаў.

Выраблены пакет з крухмалу, які атрымліваюць з лісця кукурузы. Іх вытворчасць наладжана на заводзе «БеллаПак» недалёка ад Лагойска з італьянскай сыравіны, паколькі ў Беларусі падобная сыравіна адсутнічае. Такія пакеты лічацца экалагічна бяспечнымі. Кошт аднаго – 30 капеек.

Яны не шамацяць і даволі носкія, адзін пакет можна выкарыстоўваць да 20 паходаў у краму. Вядома, што ў Еўропе ў такія пакеты ўпакоўваюць адходы прадуктаў, якія накіроўваюцца на перапрацоўку. З часам яны ператвараюцца ў звычайнае ўгнаенне, якое потым фермеры вывозяць на палеткі.

Дарэчы, такія пакеты можна адрозніць ад іншых па адмысловаму лагатыпу «OK compost», ліцэнзію на друк якога выдаюць толькі незалежныя еўрапейскія лабараторыі TUV (Аўстрыя) і  Vincotte (Бельгія).