Фота з сайта Беларускае Радыё Рацыя

Пра гэта “Народнай Волі” распавёў выконваючы абавязкі старшыні АГП Мікалай Казлоў.

– Прынята рашэнне, што ў нашым будынку будуць планава мяняць ліфты, – гаворыць Казлоў. – Мы офіс не арандуем, ён знаходзіцца ў нашай уласнасці. Выдаткі падзялілі на ўсіх уласнікаў і нам выставілі рахунак – 1743,59 беларускага рубля. Ліфты магілёўскія, але каштуюць дорага, як быццам залатыя!

– Нядаўна паведамлялася, што ў партыі – нуль на рахунку. Вы звярнуліся па дапамогу да сваіх прыхільнікаў. Атрымліваецца, збіраеце не толькі на ліфты?

– Так, у нас цяпер складаны час. Крызіс ударыў практычна па ўсіх, і наша партыя – не выключэнне. Я сам аддаю 10 працэнтаў свайго прыбытку партыі. І пры гэтым не атрымліваю ў АГП ні капейкі.

А як вы ставіцеся да парады наладзіць дакладную сістэму партыйных унёскаў? Ведаю, што гучалі такія прапановы…

– Мы можам запрасіць тых спецыялістаў і эканамістаў, якія пра гэта кажуць, – хай выбудуюць сістэму, і, калі ўсё атрымаецца, мы яшчэ і зарплату ім заплацім!

У нас сяброўскія складкі не абавязковыя для выплаты. Шмат людзей у цяжкім эканамічным становішчы. Мы рэкамендуем плаціць унёскі, але справа ў тым, што не ўсе могуць гэта рабіць.

Іншае пытанне, што наша дзяржава неяк дзіўна ставіцца да палітычных партый. Замест таго каб зацікаўліваць людзей разам вырашаць грамадска-палітычныя задачы, актыўна ўдзельнічаць у жыцці краіны, у нас душаць любую палітычную ініцыятыву.

У нашай партыі шмат разумных людзей, эканамістаў, але яны не настолькі багатыя, каб утрымліваць партыю. Хоць і дапамагаюць па меры магчымасці.