Фота: aw.bsu.by

Канстытуцыйны Суд будзе разглядаць «закон аб адтэрміноўках» без лішніх вачэй. Пра гэта Еўрарадыё распавёў слухач, які паспрабаваў трапіць на разгляд. Ён перадаў у рэдакцыю запіс тэлефоннай размовы, у якой яму, па-першае, адмаўляюцца сказаць, ці паступіў дакумент у Канстытуцыйны Суд, а па-другое, кажуць, што рэзанансны закон будзе разглядацца пісьмова.

— А як жа галоснасць? — пытаецца наш слухач.

— Ну якая галоснасць? Прысутнічае галоснасць. Вы даведаецеся пра тое, як разгледжаны закон, убачыце рашэнне Канстытуцыйнага Суда, — адказваюць у судзе.

Пасля таго як законы прымаюцца ў Палаце прадстаўнікоў, Канстытуцыйны Суд разглядае іх на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі Беларусі. На сайце ўстановы апублікавана шмат такіх рашэнняў. Законы часта разглядаюцца ў адкрытым парадку — тады ў рашэннях напісана, што Канстытуцыйны Суд “…разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь…”.

У выпадку «закона аб адтэрміноўках”, які шырока абмяркоўваецца ў грамадстве, чамусьці выбрана працэдура, якая не прадугледжвае адкрытасці, — “звычайных” грамадзян назіраць за працай суддзяў не пусцяць.

“Ёсць дзве формы разгляду Канстытуцыйным Судом спраў. Вусная, дзе ёсць прадстаўнікі бакоў, там выклікаюць сведкаў, могуць прысутнічаць СМІ і іншыя асобы. А тут пісьмовая форма разгляду, якая не прадугледжвае, што выступаюць дадатковыя асобы і нехта назірае за суддзямі, — адказвае намеснік кіраўніка аддзела арганізацый судовых пасяджэнняў Канстытуцыйнага Суда Сяргей Латушкін. — Паступае закон у выглядзе дакумента, суд разглядае і адпаведна выносіць рашэнне. Пры гэтым ніхто не прысутнічае, бо ёсць такое паняцце, як таямніца дарадчага пакоя”.

Прадстаўнік суда дадае, што пры неабходнасці Канстытуцыйны Суд можа запрасіць упаўнаважаных прадстаўнікоў ці прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, каб яны растлумачылі пытанне. Але не больш за тое.

Пакуль закон не перадалі на разгляд у Канстытуцыйны Суд. Калі гэта адбудзецца, суд не вырашае, дадае Латушкін.