Аляксандр Класкоўскі

На закрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў на стадыёне “Дынама” ў Мінску перад гледачамі паўстаў створаны пры дапамозе сучасных тэхналогій велічны вобраз Зубра, які вяшчаў па-беларуску. Прагучалі правільныя словы пра тое, што варта памятаць сваю гісторыю, што без мінуўшчыны няма будучыні.

Адкрыццё гэтых спаборніцтваў таксама было адзначана нацыянальнымі элементамі: ажылі вобразы часоў Полацкай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага. Былі рыцары з “Пагоняй” на сцягах, быў Леў Сапега са Статутам ВКЛ, гучалі магутныя радкі Купалы, Багдановіча, Быкава…

Але з рэальных выступоўцаў бліснуў беларускай мовай толькі… прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў славенец Янез Качыянчыч. Чым сарваў шквал воплескаў.

Вядома ж, гэта плюс, што падчас афіцыйных урачыстасцяў сталі даваць болей месца нацыянальнай гісторыі ды культуры не ў саўковай, а ў паўнавартаснай трактоўцы. Але тое дазваляецца толькі строга паводле сцэнарыя, у зацверджаных высокім начальствам межах.

Разам з тым згадайма, як на пачатку вясны афіцыйны кіраўнік публічна зладзіў халодны душ арганізатарам Дня Волі, што хацелі правесці імпрэзу на тым самым “Дынама”. У выніку ім было адмоўлена ў самых зручных пляцоўках, святкаванне скамечылі.

Атрымліваецца, што патрыятычныя прамовы на прэстыжных арэнах дазволена трымаць толькі персанажам кшталту віртуальнага Зубра паводле ўзгодненага наверсе канона. А вось прадстаўнікам нацыянальна свядомай публікі зноў і зноў паказваюць: ваша месца на задворках.

Праўда, апошнімі гадамі наверсе нібыта намецілася палітыка так званай мяккай беларусізацыі. Але ідзе яна квола і з адкатамі. Беларускае кіраўніцтва відавочна побойваецца цвяліць Маскву.

Зрэшты, прычына не толькі ў гэтым…

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце “Народная Воля” за 2 ліпеня