Фото с сайта Белорусские новости

Прэсавы сакратар сталічнага метрапалітэну Андрэй Дроб распавёў «Белсату» пра дэталі адмены забароны на здымку ды што з ёй будзе пасля Еўрапейскіх гульняў.

Яшчэ да нядаўна здымаць на станцыях метро ў Мінску было нельга: па гучнай сувязі фатографаў прасілі спыніць здымку, ахова метро спасылалася на «стратэгічны аб’ект». Цяпер пасажырам дазволілі здымаць фота і відэа.

«Успышкай пажадана не карыстацца, – распавёў Андрэй Дроб. – Адназначна карыстацца ёй нельга, калі яна скіраваная ў бок машыніста. Таксама нельга карыстацца буйнагабарытнымі прадметамі – аб’ектывамі, якія могуць перашкодзіць, штатывамі і гэтак далей», – распавёў Андрэй Дроб.

У мэтах бяспекі нельга здымаць на эскалатарах. Таксама лепш не здымаць людзей.

«Гэта ўжо асабістыя дачыненні, але мы заклікаем не закранаць асабістую прастору людзей і не рабіць здымкі тым, хто не хоча гэтага», – кажа Дроб.

Ініцыятарам адмены забароны, паводле кіраўніка прэс-службы, быў сам метрапалітэн.

«Да нас традыцыйна звярталася мноства фатографаў, у тым ліку з-за мяжы – напрыклад, з Нямеччыны, і мы вырашылі адмяніць гэтую забарону. Мяркуем, што яна толькі пойдзе на карысць папулярызацыі менскага метро», – дадаў Дроб.

Паводле прэсавага сакратара метрапалітэна, адмена забароны не звязаная з Еўрапейскімі гульнямі: зараз здымаць можна будзе заўсёды.

У пятніцу «Tut.by» стала вядома таксама аб тым, што аматарскую здымку дазволілі весці на мінскім вакзале.

«У месцах, даступных для ўсіх, вы можаце рабіць фота для асабістага карыстання, на памяць. Але трэба выконваць тэхніку бяспекі: напрыклад, не рабіць здымкі на шляхах. Важна памятаць, што калі фотаздымка будзе перашкаджаць іншым пасажырам, парушаць асабістую прастору кагосьці, то мы маем права папрасіць чалавека не здымаць», – распавялі ў адміністрацыі вакзалу.

Для прафесійнай фота- і відэаздымкі ў метро і на сталічным вакзале ўсцяж патрэбнае ўзгадненне ў адміністрацыях гэтых установаў.