: Кіпіць праца над стварэннем копіі гравюры Цюндта ў Гродне. Фота аўтара

Працы над графіці на гістарычную тэму ў горадзе над Нёманам ужо вядуцца.

Аднавіць выяву Гродна, выгравіраваную Цюндтам 451 год таму на фасадзе гімназіі №10, узяліся мастакі з дызайн-студыі Zadelo.

Летась споўнілася 450 гадоў, як упершыню ў гісторыі была надрукавана праўдзівая выява беларускага горада – Гродна. Гэта было зроблена ў Нюрнбергу ў 1568 годзе. На панараме Адэльгаўзера-Цюндта: Фара Вітаўта, Стары замак, Каложа і іншыя гродзенскія аб’екты.

Паводле гісторыкаў, складана знайсці аналаг не толькі з нашага рэгіёна, але і з усяе Еўропы. Больш таго, гісторыкі сцвярджаюць, што такой гравюры ў той час не было нават у Вільні – сталіцы ВКЛ. На ёй адлюстравана больш за 200 асобаў і акрамя архітэктуры горада паказана паўсядзённае жыццё мяшчан ва ўсім каларыце.

Летась журналісты гродзенскага інфармацыйнага рэсурсу Hrodna.life прапанавалі ўладам адзначыць 450-годдзе першай гравюры з выявай Гродна.

Прапаноўвалася стварыць буйнафарматную выяву-копію гравюры на сцяне будынка ў гістарычным цэнтры. Правесці вулічнае анімаванае шэсце ці гістарычную рэканструкцыю «Сустрэча пасольстваў» паводле сюжэту гравюры.

Летась нічога так і не зрабілі, а сёлета ўжо да канца тыдня гравюра Цюндта будзе радаваць гродзенцаў і гасцей горада.