Фото: РБК

Беларусь палітызуе санкцыі, якія Расія ўводзіць супраць яе харчавання. Такое меркаванне кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт выказаў у інтэрв’ю на тэлеканале НТВ.

Па яго словах, беларускія чыноўнікі палітызуюць пытанне санкцыяў, каб павысіць свой аўтарытэт у дзяржаве. Калі б яны займаліся навядзеннем парадку, то карысці было б больш, дадаў Данкверт. Кіраўнік Рассельгаснагляду кажа, што па пытаннях санкцыяў супраць беларускіх прадуктаў яму даводзіцца кантактаваць у тым ліку і з беларускімі дыпламатамі, перадае Еўрарадыё.

Таксама чыноўнік паскардзіўся на закрытасць інфармацыі ў Беларусі: «Вось мы не можам у беларускіх калег паглядзець сістэму ранняга апавяшчэння ў электронным выглядзе, што яны знайшлі і куды гэта пайшло. А яны ў нас могуць паглядзець. Беларускія калегі маюць доступ да лабараторнай сістэмы «Веста», дзе ўсе дзеянні: хто браў пробу, у якой лабараторыі праводзіў, які лабарант, якія методыкі, у які час — усё запісана».

Згадаў Данкверт і пастаўкі праз Беларусь украінскіх прадуктаў, забароненых для ўвозу ў Расію. Па яго словах, «украінская бялкова-тлушчавая прадукцыя», прывезеная ў колькасці мінімум 100-120 тысяч тон, прычыніла расійскаму рынку «мільярдныя шкоды». У тым ліку амаль абваліла расійскі малочны рынак.