Фота аўтара

21 чэрвеня ў Мінску адбудзецца цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў.

Учора на сталічным стадыёне “Дынама” прайшла генеральная рэпетыцыя ўрачыстасцяў, а таму многія мінчане, якім “пашанцавала” бліжэй да вечара апынуцца ў цэнтры горада, на сабе адчулі смак свята. Некаторыя вуліцы былі цалкам перакрыты, людзей накіроўвалі ў абыход, і ім даводзілася даваць добры круг, каб патрапіць у неабходнае месца.

Зранку ў той жа дзень пасажыры, якія чакалі аўтобусы на прыпынку ля Палаца спорту, таксама былі расчараваны. Пасажырскі транспарт пралятаў міма, не спыняючыся, і, адпаведна, пасажыры праляталі над магчымасцю паспець па сваіх справах.

Супрацоўнікі ДАІ і валанцёры нічога ўцямнага патлумачыць не маглі, хаця затым аказалася, што трэба ісці больш за паўкіламетра пехатой да іншага прыпынку, бо транспарт тут спыняцца не будзе. Пры гэтым не будзе спыняцца аж да 1 ліпеня (!), пакуль не закончацца гульні.

Ля Палаца спорту размешчана галоўная фан-зона, а таму ўлады прынялі геніяльнае рашэнне – наогул адагнаць ад гэтага святога месца тых, хто проста едзе дадому.

“Гэта ж як трэба не паважаць саміх сябе, каб так здзекавацца са сваіх жа людзей! – кляла і Еўрапейскія гульні, і тых, хто даў загад аўтобусам не спыняцца на прыпынку, бабуля, якой давялося, абапіраючыся на кульбачку, шыбаваць да наступнага прыпынку. – Каму патрэбна гэтая паказуха? Мне падаецца, што найперш павінны радавацца жыццю тыя, хто жыве ў гэтай краіне”.

Для валанцёраў, якія працуюць на Гульнях, спартыўны фэст – гэта таксама ў пэўным сэнсе выпрабаванне. Многія маладыя людзі працуюць тут у добрахвотна-прымусовым парадку, а таму і стаўленне да працы адпаведнае. Напрыклад, на “Дынама” многія валанцёры нават не могуць паказаць, дзе знаходзіцца прэс-цэнтр, і выглядаюць абсалютна непадрыхтаванымі і некампетэнтнымі.

І адкрыццё галоўнай фан-зоны прайшло, як першы блін, – камяком. Народ чамусьці не клюнуў на зорак беларускай эстрады, піва і шашлыкі, таму чыноўнікам даводзілася гаварыць пра “грандыёзнае спартыўнае свята” практычна ў адзіноце.

Зрэшты, будзем верыць, што тыя недарэчнасці, што ёсць зараз, па ходзе Гульняў будуць выпраўляцца. Акрамя гэтага, пры жаданні заўсёды можна ўбачыць і шмат станоўчых момантаў.