Іосіф Сярэдзіч

Столькі імён знакамітых журналістаў, палітолагаў, партыйных і грамадскіх дзеячаў, вядомых эканамістаў, бізнесменаў, тых, хто з’яўляецца гонарам Беларусі ў навуцы, медыцыне, культуры, Вы, шаноўныя чытачы, не знойдзеце на старонках ні аднаго іншага выдання, акрамя «Народнай Волі».

І рэдакцыя лічыць гэта сваім галоўным капіталам. Яны – брэнд «Народнай Волі». Глядзіце, толькі ў адным сённяшнім нумары – папулярнейшыя публіцысты Святлана Калінкіна, Міхась Скобла, Валерый Карбалевіч, Аляксандр Фядута. А ўзгадаем яшчэ Аляксандра Класкоўскага, Алену Малочка, Сямёна Букчына, Лявона Баршчэўскага, чые матэрыялы будзяць душу, наводзяць на глыбокі роздум. А ці ж не радуюць вас артыкулы Марыі Эйсмант, Марыны Коктыш, Алеся Сівага, Міхала Карневіча ды многіх многіх іншых таленавітых журналістаў! Колькі яркіх публікацый на рахунку высокапрафесійнага эканаміста, партыйнага і грамадскага актывіста Васіля Шлындзікава, аналітыка-фінансіста Барыса Жэлібы, навукоўцаў Леаніда Лыча, Васіля Русовіча, Вячаслава Сасноўскага! Не пералічыць аўтараў тых лістоў, якія амаль у кожным нумары з’яўляюцца на тэматычнай паласе «Пошта».

Як заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар «Народнай Волі» ганаруся ўсімі, хто вось ужо 24 гады дапамагае мне выдаваць адну з самых уплывовых недзяржаўных газет.

Сёння я звяртаюся да Вас, шаноўныя чытачы, з адной просьбай: выкажыце сваю ўдзячнасць ім і Вы. Такая магчымасць у Вас ёсць – кожнаму з іх, як і мне, прыемна будзе, калі Вы самі аформіце падпіску на «Народную Волю» на другое паўгоддзе і па меры магчымасці дапаможаце гэта зрабіць тым, у каго вельмі і вельмі вялікія цяжкасці з фінансамі.

Не здрадзьце «Народнай Волі»!

Не здрадзьце ім, яе творчым аратым!

У згуртаванні – наша сіла!

Да заканчэння падпіскі – усяго 5 дзён. Не спазніцеся!

Нізкі паклон Вам, добрыя людзі!

 «Народная Воля» за 21 чэрвеня