Плакат, які вывесіў гісторык Мечыслаў Супрон на мосце праз Нёман у Гродне.

Жыхароў горада Бярозаўка Лідскага раёна Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса суд прызнаў вінаватымі ў парушэнні правядзення масавага мерапрыемства. Абодва пакараны штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў).

“Народная Воля” пісала, што ў мінулы панядзелак яны правялі хвілінную акцыю на прыступках Лідскага райвыканкама – разгарнулі плакат “Мёртвая Дзітва”. Акцыя была скіравана на тое, каб прыцягнуць увагу да экалагічнай катастрофы ў рацэ Дзітва. Больш за тыдзень таму ў Дзітве адбыўся памор рыбы, і вада ў рацэ трымае непрыемны пах. Хлопцы абследавалі тэрыторыю і знайшлі трубу, па якой лілася брудная вада. Яны знялі ўсё гэта на відэа і змясцілі ў інтэрнэце. Брудная вада трапляла ў Дзітву з ачышчальных збудаванняў Лідскай ЖКГ.

Учора ў судзе Лідскага раёна актывістаў прызналі вінаватымі ў правядзенні несанкцыянавай акцыі.

“Мы спрабавалі прыцягнуць да гэтай праблемы найперш увагу ўлад, а таксама ўсіх астатніх жыхароў нашага рэгіёна, паколькі такая сітуацыя з ракой – гэта проста непрымальна. Мы шчыра спадзяваліся, што ўсё неяк выправіцца, аднак з той трубы як лілася, так і ліецца забруджаная вада, якая трапляе ў Дзітву, а затым у Нёман”, – казалі ў судзе Ашурак і Пантус.

Хлопцаў асудзілі на падставе складзенага пратакола, сведак у судзе не было. Міліцыянеры ў якасці доказу несанкцыянаванага мерапрыемства прадставілі відэа з камер назірання, якія размешчаны на будынку райвыканкама.

Дарэчы, у Гродне з пратэстам супраць забруджвання Дзітвы і Нёмана выступіў гісторык Мечыслаў Супрон. Ён развесіў на нёманскім мосце плакат “Нёман атручаны Лідскай ЖКГ”. На яго таксама складзены адміністрацыйны пратакол, суд адбудзецца 10 ліпеня.