Фота: Шыльда на будынку Гуманітарнага каледжа ў Гродне, якую ўсталявалі ў 1933 годзе. У 1939 годзе савецкія ўлады зачысцілі на ёй надпіс

Гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон звярнуўся да ўладаў горада з тым, каб на будынку Гуманітарнага каледжа ў абласным цэнтры аднавілі шыльду ў гонар 400 годдзя караля Стэфана Баторыя і прапанаваў усталяваць у яго гонар помнік у цэнтры горада.

Што датычыць шыльды на будынку Гуманітарнага каледжа па вуліцы Леніна ў Гродне, то яна дагэтуль са збітымі літарамі знаходзіцца на тым самым месцы, дзе яе прымацавалі ў 1933 годзе. Акт вандалізму, паводле гісторыка, учынілі савецкія ўлады яшчэ ў 1939 годзе.

Шыльда была ўсталявана да 400-годдзя з дня нараджэння Баторыя, паколькі школа, якая мясцілася ў гэтым будынку, насіла яго імя. На шыльдзе быў зроблены надпіс па-польску: «1533-1933. Заступніку, вялікаму каралю Стэфану Баторыю. Школа».

Цікава, што прыкладна месяц таму паверх сапсаванай шыльды ўлады павесілі сваю і на ёй быў надпіс з пералікам назваў навучальных устаноў, якія мясціліся ў будынку сучаснага каледжа ад 1899 года. Праўда, праз суткі новая шыльда таямніча знікла.

Гродзенскі гарвыканкам адказаў гісторыку Супрону, што лічыць “немэтазгодным правядзенне рэстаўрацыі дадзенай шыльды”.  А таксама ў лісце адзначана, “што стварэнне і ўстаноўка помніка Стэфану Баторыю за сродкі гарадскога бюджэту ў бліжэйшы час не плануецца”.

Праўда, Гродзенскі гарвыканкам лічыць мэтазгодным “правесці стварэнне і ўсталяванне мемарыяльнай шыльды або помніка Стэфану Баторыю на тэрыторыі Старога замка пасля заканчэння рамонта-узнаўляльных работ…”.

Гісторык Супрон лічыць, што гродзенскія ўлады, адказаўшы такім чынам на яго ліст, не могуць самастойна прыняць рашэнне аб аднаўленні шыльды, якая была ўсталявана на будынку ў часы, калі Гродна ўваходзіла ў склад Польшчы.

“У іх усё мераецца ідэалагічнымі патрэбамі і каштоўнасцямі, — кажа Супрон. — А тое, што ў 1939 годзе быў папросту здзейснены акт вандалізму, то гэта іх не цікавіць. Яны знайшлі выйсце – далі абяцанне. Але паглядзім, што з гэтага будзе”.

Дарэчы, гісторык нагадвае, што летась гродзенцы збіралі подпісы пад петыцыяй аб усталяванні помніка Стэфану Баторыю ў цэнтры Гродна, перадалі іх у гарвыканкам. Але адтуль нават не атрымалі адказу.