Актывісты ініцыятыўнай групы па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча запрасілі стваральнікаў папулярнага серыяла НВО «Чарнобыль» на адкрыццё бюста пісьменніка. Урачыстае адкрыццё павінна адбыцца 3 верасня на малой Радзіме пісьменніка — у вёсцы Глуша на Бабруйшчыне, акурат на яго дзень народзінаў.

Менавіта Алесь Адамовіч быў адным з першых, хто ўзняў тэму рэальнага маштабу катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

«Адамовіч часта паўтараў: «Я не спецыяліст, але вы — навукоўцы, чыноўнікі, лекары — дапусцілі гэта і не хочаце дапамагаць народу, а я магу ўсё гэта данесці да людзей праз слова».

Ён яшчэ задоўга да катастрофы пачаў усведамляць пагрозу не толькі «мірнага» і ваеннага атама. Адамовіч пачаў думаць пра атам як пісьменнік, філосаф, публіцыст, складаючы: «На планеце няма дзвярэй «запасны выхад». Няма куды бегчы будзе ў выпадку ядзернага пажару».

Адамовіча з поўнай упэўненасцю можна назваць «сумленнем нацыі». Васіль Быкаў называў яго «фігурай еўрапейскага маштаба», а Святлана Алексіевіч лічыць яго сваім настаўнікам», — адзначылі актывісты ў запрашальным лісце.

Актывісты спадзяюцца, што стваральнікі серыяла «Чарнобыль» скарыстаюцца іх запрашэннем і наведаюць урачыстае мерапрыемствы ў Глушы, дзе і пахаваны беларускі пісьменнік.

Лідар ініцыятыўнай групы Андрусь Архіпенка распавёў «Новаму Часу», што ён даслаў ліст па-ангельску на электронную скрыню НВО:

«Я разумею, шанец, што яны адкажуць мне ўвогуле — невялікі, а тое, што яны прыедуць — яшчэ меншы. Але я лічу, што запрасіць іх патрэбна, асабліва тых, хто спрычыніўся да стварэння серыяла пра Чарнобыль.

Для Адамовіча гэта была адна з галоўных тэм, якая яго турбавала. Каманда серыяла зноў актуалізавала гэтую тэму, за што я, думаю, як і іншыя беларусы, вельмі ўдзячны.

Сцэнарыст «Чарнобыля» Крэйг Мазін сярод матэрыялаў, якія ён вывучаў падчас працы над сцэнаром серыяла, першым фільмам назваў «Ідзі і глядзі» 1985 года. Сцэнарыстам гэтага фільма выступіў Алесь Адамовіч. Дарэчы, Мазін у сваім твітэры заклікаў падтрымаць фонд «Дзеці Чарнобыля» і іншыя арганізацыі, якія аказваюць дапамогу ахвярам трагедыі ў Чарнобылі».

Каманду серыяла «Чарнобыль» запрасілі пад Бабруйск на адкрыццё бюста Алеся Адамовіча
Андрусь Архіпенка

Год таму актывісты дасылалі ліст у Sony Pictures, каб падняць тэму ўшанавання памяці пісьменніка і актуалізацыі яго творчасці, але адказу тады так і не атрымалі. Цяпер Андрусь спадзяецца, што атрымае зваротную сувязь ад каманды серыяла. Актывісты мяркуюць, што такім чынам атрымаецца таксама актуалізаваць творчасць Адамовіча і знайсці сродкі на стварэнне музея.

Нагадаем, асноўная мэта дзейнасці ініцыятыўнай групы па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча — адкрыццё ў Глушы музея, прысвечанага жыццю і дзейнасці пісьменніка. Пакуль яны займаюцца ўсталяваннем помніка на малой Радзіме Адамовіча, які стварае знакаміты беларускі скульптар Генік Лойка.