Кветкі паўстанцам 1830-31-х гадоў

58
 Падчас ушанавання памяці паўстанцаў 1830-1831 гадоў на могілках у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна

На могілках у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна мясцовыя актывісты, а таксама госці з Гродна, Мінска і іншых гарадоў усклалі кветкі да памятнага знака Міхалу Валовічу і ўшанавалі памяць пра паўстанцаў 1830-31 гадоў.

Слонімец Алесь Масюк распавёў “Народнай волі”, што памяць паўстанцаў на могілках у Парэччы ўшаноўваюць штогод. Сёлета сюды з’ехаліся больш 30 чалавек. Людзі прамаўлялі пра лёс паўстання, пра яго герояў, ускладалі кветкі, спявалі гімн «Магутны Божа».

“Атмасфера была вельмі цёплая, патрыятычная, — кажа Масюк. — Неаднойчы гучала з вуснаў выступоўцаў, што магілы нашых герояў не маем права забываць”.

Слонімец Іван Бедка згадаў, што ​Міхал Валовіч жыццё сваё склаў на шыбеніцы ў Гродне, яму было толькі  26 гадоў.

“Хаця ён мог бы сядзець у Парыжы і не вяртацца ў Слонім, — разважаў Бедка — А хлопцы, якія з ім былі ў аддзеле, — многім з іх споўнілася ўсяго па 18 гадоў і яны, маладыя, таксама пайшлі змагацца за волю”.

Дарэчы, дагэтуль невядома месца дзе знаходзіцца магіла Міхала Валовіча. Паводле адной з версій, яго пахавалі паўстанцы, паводле іншай — цела выкупіла маці і пахавала побач з уніяцкай царквой у Парэччы, якую збудавалі Валовічы. На тым месцы, дзе яшчэ да 2003 году стаяў крыж.

У 2003 годзе праваслаўны святар, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Праўда, пазней мясцовыя людзі адшукалі яго побач са Шчарай і паставілі на могілках.

Паўстанне 1830–1831 гадоў, або Лістападаўскае паўстанне — паўстанне ў Расійскай імперыі на «новадалучаных» землях Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, якое распачалося 29 лістапада 1830 года, а скончылася 21 кастрычніка 1831 года. Мэтаю паўстання было аднаўленне дзяржаўнасці ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Поделиться ссылкой: