Фото с сайта palitviazni.info

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, якія зараз жыве і працуе ў Швецыі, выказаў праз “Народную Волю” сваё стаўленне да “грандыёзнага спартыўнага форуму”.

Нагадаем, што Гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня.

– На мой погляд, увесь сур’ёзны спартыўны свет да Еўрапейскіх гульняў ставіцца як да тусоўкі, – кажа Уладзімір Пракопавіч. – Як да мерапрыемства, дзе можна сустрэцца са знаёмымі, пагутарыць, адпачыць, а калі атрымаецца, то нешта і выйграць. Адным словам, Гульні па-за тым, што ёсць спорт, і бліжэй да таго, што называецца “тусняк”.

– Але ж у тым, што Гульні пройдуць у Мінску, можна і шмат добрага ўбачыць: турысты прыедуць, новыя аб’екты пабудавалі…

– Няхай бы гэтыя Гульні былі, але не ў тых варунках, у якіх сёння жыве Беларусь. У краіны столькі знешніх пазык, якія трэба аддаваць, улада пастаянна заклікае людзей эканоміць, бо, маўляў, няма грошай. Просім гэтыя самыя грошы ў Расіі, якая адной рукой дае, а другой хапае цябе за горла.

І ў той жа час мы праводзім стратнае мерапрыемства. Асабіста для мяне відавочна, што ўсе гэтыя “Славянскія базары” з Кіркоравымі і Баскавымі, “грандыёзныя спартыўныя форумы” скіраваны больш на задавальненне нейкіх асабістых інтарэсаў высокіх кіраўнікоў.

Дарэчы, у тых, хто нарадзіўся ў вёсцы, ёсць такая рыса – жаданне далучыцца да жыцця знакамітасцяў, тых жа Кіркоравых, Баскавых ды спартыўных зорак.

Але беларусам ад гэтага ні спякотна, ні холадна. У іх сваіх праблем і радасцяў хапае.