Случчане занепакоены тым, што сэканд-хэнды могуць знікнуць.

Падставай стала выказванне кіраўніцы канцэрна «Беллегпрам» Таццяны Лугінай у праграме «Тыдзень» на СТВ пра неабходнасць рэгулявання імпарта сэканд-хэнда, піша «Новы Час».

Ужо даўно вядома, што разумеецца пад словам «рэгуляванне».

— Як толькі дзяржава пачынае паглыбляцца ў вывучэнне нейкага пытання і «рэгуляваць» — нічога добрага не чакай, — гаворыць пенсіянерка з Слуцка Ніна Сыцько.

У пятніцу, 7 чэрвеня, жанчына прыйшла да крамы сэканд-хэнда на вуліцы Леніна разам з унукам задоўга да яе адкрыцця.

— Учора быў прывоз, хачу што-небудзь набыць для сябе і ўнука, — распавядае спадарыня Ніна. — Чула пра выказванне кіраўніка «Беллегпрама», яно мяне ўстрывожыла. Падобна, што беларуская прамысловасць хоча вырашыць свае праблемы за кошт грамадзян. Ва ўнівермагі канцэрна «Беллегпрама» не хаджу і не буду хадзіць — нават калі закроюць сэканд-хэнды. З маёй пенсіяй там няма чаго рабіць. Хіба што пайсці на экскурсію, як у музей. Цэны там дзікія. За 40 гадоў працоўнага стажу беларуская дзяржава налічыла мне 300 рублёў пенсіі, па-гэтаму лозунг «купляйце беларускае» не для мяне. Хай чыноўніцы з добрай зарплатай і купляюць дарагое беларускае адзенне. А я б была не супраць, калі б адкрылі яшчэ сэканд-хэнды па продажу прадуктаў. Дарэчы, мой пляменнік жыве ў Германіі і распавядае, што непадалёку ад яго ў прадуктовай краме ўжо вечарам можа купіць добрыя прадукты па зніжках. Чаму нашыя чыноўнікі нічому не вучацца ў Еўропы — не разумею.

Каб апрануць і абуць унука ў беларускую школьную форму сям’і трэба год эканоміць. Мінулы раз у сэканд-хэндзе набыла хлопчыку за 10 рублёў шорцікі і майку зусім як новыя, а яшчэ адну майку ў падарунак далі. У сэканд-хэндзе я не адчуваю сябе зусім беднай, бо магу тут прыгожа апрануцца.

«Я была б не супраць і сэканд-хэндаў з прадуктамі»

Малады чалавек, які таксама чакаў адкрыцця крамы, прызнаўся, што прыходзіць сюды дзеля набыцця еўрапейскага брэндавага адзення. Такое ў спецыялізаваных крамах каштуе надта дорага для яго кішэні.

Яшчэ адна жанчына, Марыя Грыгор’еўна, катэгарычна выступіла супраць закрыцця сэканд-хэндаў:

— Хай дзяржаўныя прадпрыемствы спачатку паклапоцяцца пра якасць сваёй прадукцыі і знойдуць іншыя метады прыцягнення пакупнікоў у свае крамы, дзе вісіць дарагое шэрае «мышынае» адзенне.

За апошнія гады колькасць крамаў сэканд-хэнда ў Слуцку павялічылася ў некалькі разоў. Іх шмат на цэнтральнай вуліцы горада, яны ёсць ва ўсіх мікрараёнах. Калі раней жыхары горада крыху саромеліся іх наведваць, то цяпер там можна заўважыць людзей рознага ўзросту і сацыяльнага становішча. А для людзей з нізкім даходам гэта фактычна адзіная магчымасць прыстойна апрануцца за невялікія грошы.

— У дні прывозу цана на тавар вышэйшая. Кілаграм вопраткі можа каштаваць больш за 30 рублёў. Але калі тавар праз некалькі дзён не раскупаецца, цэны на яго падаюць, і гэтае ж адзенне можна ўжо набыць за 6 рублёў за кілаграм. Некаторыя прыстойныя рэчы можна купіць нават за рубель, — распавядае яшча адна сталая наведвальніца крамаў сэканд-хэнд Марына Дамарад. — Паколькі я даволі часта наведваю такія крамы, прадаўцы дасылаюць мне інфармацыю па зніжках нават на тэлефон.
«Я была б не супраць і сэканд-хэндаў з прадуктамі»

Жанчына таксама лічыць, што цэны на адзенне і ежу ў Беларусі неадпаведныя заробкам і пенсіям. Шмат у каго няма іншага выхаду, чым пайсці ў крамы з ужыванымі рэчамі.

— Закрыццё сэканд-хэндаў наўпрост яшчэ больш раззлуе людзей, бо загоніць іх у кут, — упэўнена пакупніца.