
Памятны знак у гонар знакамітага польскага музыканта, які нарадзіўся і вырас на Гродзеншчыне, адкрылі на будынку гуманітарнага каледжа, дзе ён вучыўся ў 1954-55 гадах.
Урачыстаcці адбываліся пад дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сцягамі. Адкрывалі шыльду старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, маршалак Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі і другая жонка музыканта – Малгажата Немэн. На ўрачыстасць сабраліся сотні гродзенцаў.
Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой, прамаўляючы падчас адкрыцця памятнай шыльды адзначыў, што ўвекавечанне памяці гэтага выбітнага музыканта з’яўляецца яркім прыкладам блізкасці абодвух народаў і адлюстраваннем іх багатай спадчыны.
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі прамаўляў на двух мовах – па-польску і па-беларуску. Ён зазначыў, што музыкай Немэна захаплялася ўся Польшча і шматлікія прыхільнікі ва ўсім свеце.
“Нарадзіўшыся перад вайной на Гродзеншчыне, пасля вайны, як сотні тысяч палякаў, Чэслаў пакінуў краіну свайго дзяцінства і ў рамках рэпатрыяцыі перасяліўся з сям’ёй у Польшчу, – згадаў спадар Міхальскі. – Але са сваёй малой айчынай ён ніколі не парываў і выбраў сабе псеўданім – Немэн”.
Малгажата Немэн нагадала, што сёлета спаўняецца 80 год з дня нараджэння Чэслава Немэна і, паводле яе, сімвалічна тое, што ён як бы вярнуўся на сваю малую Радзіму.
“Праз 80 гадоў гісторыя нібыта зрабіла кола, – заўважыла спадарыня Малгажата. – Чэслаў вярнуўся сюды і я шчаслівая, што маладыя беларусы будуць вывучаць яго біяграфію і пазнаёмяцца з яго музыкай”.
Гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, які працаваў над памятнай шыльдай з жалем заўважыў “Народнай волі”, што не сустракаўся асабіста з Чэславам Немэнам, але добра ведаў і слухаў яго песні.
“Гэта праца для мяне – гонар”, – падкрэсліў Панцялееў. Паводле яго, над шыльдай працаваў каля двух месяцаў і выконваў працу па тым здымку, які выбрала ягоная жонка – спадарыня Малгажата. Памятную шыльду ён зрабіў з італьянскага граніту і бронзы.
Чэслаў Выдрыцкі, сапраўднае прозвішча музыканта, нарадзіўся 16 лютага 1939 году ў вёсцы Старыя Васілішкі ў Шчучынскім раёне. Калі яму споўнілася 19 гадоў, сям’я выехала ў Польшчу. На пачатку 1960-х ён пачаў выступаць на польскай эстрадзе. У гэты час ён і ўзяў сабе псеўданім Немэн. Прызнанне прыйшло да артыста ў 1964 годзе, калі Марлен Дзітрых запісала нямецкую версію яго песні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». Пазней сталі вядомымі яго альбомы «Dziwny jest ten świat…», «Czy mnie jeszcze pamiętasz?» і «Sukces». Чэслаў Немэн памёр у 2004 годзе і пахаваны ў Варшаве. У вёсцы Васілішкі на яго радзіме, у доме ў якім ён вырас, дзейнічае музей імя Чэслава Немэна.
