Анна Конопацкая. Фото: "Белсат"

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая спрабуе высветліць, чаму на працягу чатырох гадоў “прастойваюць” землі пад Мінскам, выдзеленыя інвестарам з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Катара.

– Размова ідзе пра зямельныя ўчасткі каля Дуброўскага вадасховішча, – распавядае “Народнай Волі” Ганна Канапацкая. – Да мяне звярнуліся выбаршчыкі і папрасілі даведацца пра лёс гэтых участкаў. Яшчэ ў 2014-м іх выдзелілі інвестарам з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Катара пад вядзенне прамысловай вытворчасці. Аднак прайшло пяць гадоў, а зямля гэтая ніяк не выкарыстоўваецца.

Зразумейце мяне правільна – я не веру словам. Я веру толькі афіцыйным паперам. Таму і быў накіраваны дэпутацкі запыт, у якім сярод іншых пытанняў было і “зямельнае”. Шчыра кажучы, я абурана тым фактам, што ніводнага адказу па сутнасці – а я звярталася ў розныя міністэрствы і ведамствы – дагэтуль няма…

– Пачакайце, вам жа паабяцалі, што вы атрымаеце ўсебаковы і вычарпальны адказ на гэтае пытанне. Такое абяцанне вам даў асабіста віцэ-прэм’ер Уладзімір Дворнік.

– Вось, калі я і сапраўды атрымаю ўсебаковыя адказы, тады і будзе бачна, што да чаго. Пакуль каментаваць асабліва няма чаго. Сітуацыя складаецца наступная: згодна з Канстытуцыяй, з Законам аб статусе дэпутата, згодна з рэгламентам Палаты прадстаўнікоў, адно пасяджэнне ў месяц на сесіі Палаты прадстаўнікоў адводзіцца на справаздачу ўрада. І за перашкоду ў працы дэпутата прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Я была даволі лаяльным дэпутатам, лаяльна ставілася да чыноўнікаў цягам апошніх трох гадоў. За выключэннем некаторых момантаў. Я не казала раней пра гэта публічна, але ў свой час я пісала дэпутацкія прадстаўленні аб пераатэстацыі некаторых чыноўнікаў. Пасля гэтага некаторыя з іх былі зняты з пасад у Магілёўскім аблвыканкаме…

Пра выкарыстанне гэтых зямель пытаюся не я, а мае выбаршчыкі, і я не магу пакінуць гэта па-за ўвагай. Таму атрыманай адпіскай я не задаволена. Дарэчы, я задавала не толькі гэтае пытанне, але і яшчэ некаторыя, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі віцэ-прэм’ера Дворніка: арганічная сельская гаспадарка, лясы, звалкі… Практычна ні на адно з іх я не атрымала адказу.

Як вы ведаеце, 31 мая на сумесным пасяджэнні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ўрада я задала пытанні Уладзіміру Дворніку. Папярэдне абзваніла некалькі міністэрстваў, і там мне таксама не адказалі па сутнасці. Прыйшлося звярнуцца напрамую. Мне падалося, што Дворнік не быў гатовы да гэтых пытанняў.

– Ці верыце, што вас усё ж такі праінфармуюць аб тым, як будуць выкарыстоўвацца выдзеленыя арабам землі?

– Веру не веру – не тая катэгорыя, якая падыходзіць у гэтай сітуацыі. Выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы і закон, я маю намер дабіцца яснага адказу. Пытанне не ў тым, на які тэрмін аддалі арабам гэтую зямлю. Калі ласка, хоць на 200 гадоў яе аддайце. Праблема палягае ў тым, ці былі роўныя умовы для ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Я пераканана: калі б зямлю аддалі некаму іншаму і яна прастойвала, яе забралі б ужо дзесяць разоў. Таму пытанне патрэбна ўзнімаць публічна, каб кожны інвестар з Бабруйска, Гомеля ці Вілейкі ведаў: можна чатыры гады не рэалізоўваць інвестыцыйны праект, і табе за гэта нічога не будзе…

– Ганна, вы як дэпутат ставіце перад сабой задачу “адматаць” рашэнне аб перадачы гэтых земляў арабам?

– Навошта? Калі мяне пераканаюць, што інвестыцыйны праект будзе рэалізаваны і гэта эканамічна выгадна для Беларусі, то навошта “адмотваць” назад? Не важна, які прыйшоў інвестар. Спадзяюся, што ўсё ж такі я атрымаю вычарпальны адказ на сваё пытанне. Атрымаць яго я павінна да 15 чэрвеня, а там будзем глядзець, што рабіць далей…