І гэта не самая вялікая іх праблема.

Людміла Качарга з мужам Аляксандрам, сынам Кірылам, унукамі Цімошкам і Дзімкам жывуць у вёсцы Азарніца Слонімскага раёна. Спадарыні Людміле 45 гадоў, Аляксандр – трэці яе муж, праўда, жывуць яны ў грамадзянскім шлюбе. Усяго ў яе трое дзяцей: дзве старэйшыя дачкі ад першага мужа жывуць асобна. Сыну Кірылу 11 гадоў.

Людміла і Аляксандр гадуюць дваіх маленькіх унукаў: Цімошку – 4 годзікі, Дзімку – 2,5. Іх мама, старэйшая дачка спадарыні Людмілы, пакінула дзетак маці, а сама з’ехала
працаваць у Расію. Там, дарэчы, і нарадзіліся Цімошка з Дзімкам. Тата хлопчыкаў нібыта жыве ў Бранску, можа, раз на год дасылае тысячу альбо дзве расійскіх рублёў.

Спадарыня Людміла нічога дрэннага не кажа ні пра зяця, ні пра дачку, яе больш цікавіць тое, як выгадаваць дзетак і асабліва – падлячыць маленькага Дзімку. Хлопчыку два з паловай годзікі, на тварыку ў яго ўвесь час свеціцца ўсмешка, але ён не ходзіць, не сядзіць і не размаўляе. Унукі жывуць у бабулі Людмілы ўжо больш за год. Таму яна вымушана была пакінуць работу на ферме.

У сям’і працуе адзін спадар Аляксандр, ён абслугоўвае на калгаснай ферме абсталяванне для дойкі кароў. На працу ідзе ў шэсць гадзін раніцы, у 11 вяртаецца, а затым з 15 да 21 – ізноў на ферме. Выхадных не мае, бо яго няма каму падмяніць на працы. У мінулым месяцы за 26 працоўных дзён налічылі 233 рублі (!). Аб гэтым «дасягненні» нашай сельскай гаспадаркі напісалі СМІ, і адміністрацыя калгаса далічыла да заробку яшчэ 100 рублёў.

Хата ў іх свая, але за камунальныя паслугі даводзіцца плаціць каля 60 рублёў у месяц…

Поўны тэкст артыкула Міхала Карневіча чытайце ў газеце «Народная Воля» за 7 чэрвеня