Пратэстоўцы спынілі грузавік з вайскоўцамі па дарозе на плошчу Т’яньаньмэнь, 20 траўня 1989 году

30 гадоў таму ў Пэкіне на плошчы Т’яньаньмэнь вайсковыя падразьдзяленьні на загад найвышэйшага камуністычнага кіраўніцтва здушылі масавы выступ студэнтаў, піша Сяргей Навумчык на Радыё «Свабода».

Нядаўна знаёмая праская лекарка расказала пра выпадак, які яе моцна ўразіў. На прыём прыйшла кітаянка, якая стажыравалася пры адной міжнароднай арганізацыі ў Эўропе. Была патрэба пачакаць, пакуль стануць вядомыя вынікі аналізаў, і доктарка ды пацыентка гутарылі «пра жыцьцё». Між іншым, суразмоўца таксама была доктаркай — доктаркай навук. Лекарка спыталася, а як цяпер ацэньваюць звычайныя людзі ў Кітаі падзеі 1989 году на плошчы Т’яньаньмэнь.

І — зьдзівілася адказу.

Уласна, ніякага адказу не было — пацыентка ня ведала пра Т’яньаньмэнь нічога. Вядома ж, пра плошчу Т’яньаньмэнь — цэнтральную плошчу кітайскай сталіцы — яна ведала, і была на ёй. Але вось пра тое, што вясной 1989-га там сабраліся тысячы студэнтаў з патрабаваньнем дэмакратызацыі, і што 4 чэрвеня маніфэстантаў расстрэльвалі з аўтаматаў і душылі танкамі, і нават афіцыйны Пэкін прызнаў наяўнасьць больш як 200 ахвяраў (розныя крыніцы называюць іншыя лічбы забітых, ажно да 7 тысячаў), — пра гэта госьця з Кітаю ня ведала.

Істотнае ўдакладненьне: пацыентка была ня доктарам біялягічных ці фізыка-матэматычных навук.

Яна была гісторыкам.

Масавае забойства, якое імкнуцца забыць у Кітаі
Пратэстоўцы на плошчы Т’яньаньмэнь 2 чэрвеня 1989 году

Прызнаюся: калі б ня чуў гэта ад чалавека, якому давяраю — не паверыў бы. Гэта ўсё роўна, каб у Савецкім Саюзе годзе ў 1978 доктар гістарычных навук нічога ня чуў пра рэпрэсіі 30-х гадоў, проста ня ведаў, што яны былі. Так, пасьля адстаўкі Хрушчова пра гэта не гаварылася актыўна, але пра рашэньні XX і XXII з’ездаў КПСС з асуджэньнем «культу асобы Сталіна» і «неапраўданых рэпрэсіяў», як памятаю, пісалася нават у школьных падручніках.

А з другога боку — ня ведалі ж паўтара мільёна жыхароў Менску пра тое, што побач зь імі — Курапаты.

Дзеяньні камуністычных уладаў (рэальным кіраўніком Кітаю ў той час быў Дэн Сяопін) асудзілі ва ўсім сьвеце. З той ці іншай ступеньню рэзкасьці выказаліся ўсе больш-менш прыкметныя краіны; СССР — прамаўчаў.

У Менску «Чырвоная зьмена», якая па сьмеласьці магла параўнацца са штотыднёвікам «Літаратура і мастацтва», апублікавала здымак танкаў на цэнтральнай плошчы Пэкіну. Здаецца, гэта было ўсё пра Т’яньаньмэнь, што я тады мог прачытаць у афіцыйным друку.

Масавае забойства, якое імкнуцца забыць у Кітаі
Маладыя кітайскія журналісты на плошчы Т’яньаньмэнь, 17 траўня 1989 году

Калі камуністычная кітайская прапаганда імкнулася сьцерці памяць пра Таньанмэнь, дык у некаторых былых савецкіх рэспубліках падзеі 1989 году, наадварот, прыгадваюць як прыклад «правільнай» палітыкі.

Пракрамлёўскія інфармацыйныя рэсурсы гэтымі днямі пішуць, што менавіта «шлях Дэн Сяопіна» (падаўленьне танкамі пратэстоўцаў і замарожваньне дэмакратычных рэформаў) дазволіў запазьбегчы «раздрабленьня краіны» і вывеў яе ў эканамічныя лидэры сьвету.

Намёк тут зразумелы — у СССР усё пайшло інакш, Гарбачоў рэформы працягваў, і ў выніку СССР распаўся. Што Савецкі Саюз спыніў існаваньне — гэта, зразумела, расейскія СМІ падаюць як самы нэгатыўны вынік распачатай Гарбачовым перабудовы.

Маўляў, трэба было і Гарбачову, як Дэн Сяопіну — танкамі, танкамі…

Масавае забойства, якое імкнуцца забыць у Кітаі
Танкі на плошчы Т’яньаньмэнь 6 чэрвеня 1989 году, праз два дні пасьля здушэньня пратэстаў

Можна ўявіць, колькі б — ня сотняў, тысяч — забітых было б, калі б Гарбачоў паслухаўся настойлівых парадаў і агрэсіўных патрабаваньняў вайсковых ды і партыйных генэралаў «праявіць цьвёрдасьць».

Але колькасьць патэнцыйных ахвяраў пры гэтым апалягетаў «кітайскага шляху», зразумела, не хвалюе — на гэта ў іх ёсьць індульгенцыя яшчэ з часоў бальшавіцкага тэрору, увасобленая ў формуле «лес рубят — щепки летят».

Адносна ж эканамічных посьпехаў Кітаю можна таксама прывесьці аргумэнты, якія базуюцца на кошце гэтых рэформаў для грамадзтва — свабодзе слова, палітычнага плюралізму, правоў чалавека.

Масавае забойства, якое імкнуцца забыць у Кітаі
Пратэстоўцы на плошчы Т’яньаньмэнь, 3 чэрвеня 1989 году

Баюся, што перанясеньне кітайскага досьведу ў поўным аб’ёме ня надта б ўзрадавала ягоных прыхільнікаў на абшарах былога СССР. Больш за тое, некаторыя зь іх зьніклі б ня толькі з экранаў тэлевізараў, але і з жыцьця — у Кітаі за карупцыю асуджаныя тысячы чыноўнікаў, у тым ліку і самых высокапастаўленых, ажно да членаў Палітбюро.

Традыцыйны спосаб пакараньня за карупцыю — расстрэл. І наяўнасьць у намесьніка кіраўніка ўраду актываў на сотні мільёнаў даляраў (як гэта задэкляраваў адзін з крамлёўскіх чыноўнікаў) не была б зразуметая таварышамі з Цэнтральнай камісіі камуністычнай партыі Кітаю па інспэкцыі дысцыпліны.

Вядома ж, такія разважаньні — абстракцыі. Фактам застаюцца сотні забітых і тысячы асуджаных толькі за тое, што хацелі ў сваёй краіне дэмакратыі і свабоды. І фотаздымак невядомага чалавека, які спыніў (кажуць, толькі на хвіліны) танкавую калёну на плоўчы Т’яньаньмэнь, зрабіўшыся адным з сымбаляў супраціву дыктатуры.

***

Масавае забойства, якое імкнуцца забыць у КітаіСяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.