Фото из открытых источников

Сёння спаўняецца 20 гадоў з трагедыі на станцыі метро “Няміга”, калі на прыступках падземнага пераходу падчас цісканіны загінулі 53 чалавекі…

20 гадоў таму інтарэсы сямей пацярпелых прадстаўляў юрыст Алег Волчак. Сёння ў размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” ён распавядае, чаму мінскія ўлады не змаглі забяспечыць бяспеку людзей 30 мая 1999 года. А таксама пра тое, як рыхтаваўся першы ў гісторыі суверэннай Беларусі грамадзянскі іск, адказчыкам па якім выступала дзяржава, і чаму пацярпелыя так і засталіся ні з чым.

– У цісканіне ў падземным пераходзе станцыі метро “Няміга” загінулі 53 чалавекі і, паводле афіцыйных дадзеных, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 34 чалавекі, менш цяжкія – 59, лёгкія пашкоджанні, якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя, – 74. 59 чалавек атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі парушэння здароўя, яшчэ 37 – адчулі фізічны боль. Гэтыя дадзеныя ўтрымліваліся ў крымінальнай справе, якая была ўзбуджана пасля трагедыі.

Праз некалькі тыдняў пасля няшчасця бацькі загінуўшых звярнуліся да праваабаронцаў. У прыватнасці, у дзеючую тады арганізацыю “Прававая дапамога насельніцтву”. Я асабіста прадстаўляў інтарэсы сям’і Іньковых, у якіх на Нямізе загінула дачка.

Чаму людзі пайшлі да праваабаронцаў? Пасля выступлення Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў, што ва ўсім вінавата непагадзь і самі загінуўшыя, якія нібыта знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, стала зразумела: улада паспрабуе, што называецца, спусціць гэтую справу на тармазах. Нягледзячы на тое, што медыцынскія экспертызы паказалі: сярод загінуўшых п’яных не было.

Мы ўзяліся за ўласнае расследаванне абставін трагедыі.

– Што ўдалося высветліць?

– Па-першае, што з боку асоб, адказных за забеспячэнне правапарадку на тым масавым мерапрыемстве, была дапушчана службовая халатнасць. Па-другое, калі дзяржава не змагла забяспечыць бяспеку людзей, то надыходзіць так званая “грамадзянская адказнасць” з боку ўлад за тое, што адбылося.

У якасці адказчыкаў фігурыравалі Мінгарвыканкам (таму што з ведама чыноўнікаў гэта масавае мерапрыемства было дазволена ГУУС Мінгарвыканкама як структурным падраздзяленнем, якое адказвае за бяспеку) і арганізатары канцэрта ТАА “Класс клуб Джазкрафт”.

У Канстытуцыі Беларусі замацавана, што вышэйшай каштоўнасцю дзяржавы з’яўляецца чалавек і яго правы і што кожны мае права на жыццё. Таму іск быў пададзены.

У якасці кампенсацыі за жыццё дачкі сям’я Іньковых хацела спагнаць суму, эквівалентную 55 тысячам долараў ЗША. Лічба бралася не “са столі”. Мы сыходзілі з сумы сярэдняй зарплаты і пенсіі ў краіне на той момант: вылічылі, якую суму беларус можа зарабіць за працоўнае жыццё.

Гэта быў першы ў гісторыі суверэннай Беларусі выпадак, калі грамадзяне судзіліся з дзяржавай з-за страты блізкіх.

Аднак істцы адразу сутыкнуліся з праблемай: іскавую заяву адмовіліся разглядаць да таго часу, пакуль не будзе разгледжана ў судзе крымінальная справа аб падзеях на “Нямізе”.

– Як расследавалася гэтая справа?

– Яе расследавала Генеральная пракуратура. З самага пачатку канкрэтных абвінавачаных у следства не было, сама справа ўзбуджана “па факце гібелі людзей”. Лічу, што справа была расследавана аб’ектыўна: у пракуратуры прыйшлі да высновы, што мела месца “бяздзейнасць з боку службовых асоб”. У прыватнасці, да адказнасці прыцягнулі начальніка ГУУС Віктара Русака і начальніка аддзела па правядзенні масавых мерапрыемстваў Мінгарвыканкама Міхаіла Кандраціна. Ім прад’явілі абвінавачанні па артыкуле “Бяздзейнасць улады”.

– Што было ў матэрыялах справы?

– З матэрыялаў крымінальнай справы вынікала, што праваахоўнікі не былі гатовы забяспечыць бяспеку людзей. У справе ёсць звесткі пра тое, што ў міліцэйскім “Плане забеспячэння грамадскага парадку, дарожнай і асабістай бяспекі грамадзян” падчас правядзення свята піва адсутнічалі звесткі аб чаканай колькасці ўдзельнікаў і гледачоў; не было прадугледжана медыцынскага забеспячэнне; не былі вызначаны склад і колькасць міліцэйскіх сіл і сродкаў, месца іх размяшчэння; не былі вызначаны задачы міліцэйскіх нарадаў; не былі прызначаны адказныя за арганізацыю нясення службы; не былі пазначаны шляхі адыходу пешаходных патокаў, парадак рэгулявання іх руху; не быў вызначаны парадак выхаду ўдзельнікаў пасля заканчэння мерапрыемства і парадак эвакуацыі ў выпадку неабходнасці.

Атрымліваецца, міліцыя не была гатова забяспечыць бяспеку.

– Як доўга яна расследавалася?

– Гэта справа расследавалася тры гады, і ў выніку была перададзена ў суд Цэнтральнага раёна. Яе разглядаў асабіста старшыня суда. Але ў 2002-м у краіне ўступіў у сілу новы Крымінальны кодэкс. Справа была спынена з прычыны заканчэння тэрмінаў іскавай даўнасці, але для спынення справы абвінавачаныя былі вымушаныя прызнаць сваю віну, што і было зроблена.

– Які лёс грамадзянскага іску?

– Ён не быў задаволены. У ходзе слуханняў прадстаўнікі Мінгарвыканкама настойвалі на тым, што аказалі матэрыяльную дапамогу, звязаную з пахаваннем загінуўшых, былі выдзелены сродкі на кветкі… Мы настойвалі на тым, што ўсё вышэйпералічанае – добрая воля гарадскіх улад, але яны павінны адказаць за смерць людзей, а не адкупляцца “труннымі”, якія і так кожнаму з нас належныя па законе. Мы хацелі, каб улада прызнала, што не змагла гарантаваць бяспеку людзей, што яна вінавата ў тым, што адбылося.

Сам працэс праходзіў у нервовай абстаноўцы. На істцоў ціснулі прадстаўнікі ўлады: маўляў, чаго вы хочаце, вы нічога не даб’яцеся…

Тады бацькі прынеслі ў залу судовых пасяджэнняў партрэты загінуўшых дзяцей. Яны глядзелі ў вочы суддзі Гусаковай, трымаючы іх у руках. Не ведаю, што адчувала ў той момант гэтая жанчына, але іск задаволены не быў. Калі б здарылася наадварот, то афіцыйна вінаватай станавілася б дзяржава, а гэтага суд дапусціць не мог. У прыватных размовах прадстаўнікі ўлады казалі, што ў выпадку задавальнення хаця б аднаго такога іску прыйдзецца выплачваць грашовую кампенсацыю, а пацярпелых па справе сотні, і грошай на ўсіх не хопіць…

Пазней сваякам загінуўшых прыйшлося літаральна дняваць і начаваць у пераходзе метро, каб не даваць зрываць са сцен фатаграфіі сваіх блізкіх, сціраць памятныя надпісы, прыбіраць свечкі…

Улады яшчэ тады, у 1999-м, паабяцалі, што на месцы трагедыі будзе ўзведзена капліца, а наўзамен запатрабавалі прыбраць фатаграфіі са сцен пераходу. Як вядома, капліцы на месцы трагедыі няма да гэтага часу…

– Вы выступаеце за прыняцце закона, які абараняў бы ахвяр падобных трагедый. Якім вы бачыце гэты дакумент?

– Пасля трагедыі на Нямізе грашовыя выплаты пацярпелым рабіліся праз выканкамы. Хтосьці атрымаў 5 базавых, хтосьці – пуцёўку ў санаторый. Адразу пасля трагедыі былі адкрыты дабрачынныя рахункі. Аднак колькі сродкаў туды паступіла і як яны размяркоўваліся – і па сённяшні дзень застаецца загадкай. Публічна гэта не абмяркоўвалася. Я перакананы, што ў Беларусі павінен быць прыняты закон, у якім гэта было б выразна прапісана. Пасля трагедыі на Нямізе ў краіне былі выбухі ў Віцебску і Мінску, тэракт у метро. Ахвяры ўсіх гэтых трагедый бяспраўныя і бездапаможныя.

Таму ў Беларусі павінен быць распрацаваны дакумент аб бяспецы грамадзян у мірны час, у якім павінна быць дакладна распісана, што і як рабіць у падобных выпадках. А менавіта: хто прызнаецца пацярпелым, хто нясе адказнасць за тое, што здарылася ў выпадку трагедыі, як, з якіх крыніц і ў якім памеры павінна аказвацца дапамога пацярпелым. Пакуль такога дакумента няма, ствараецца адчуванне, што дзяржава не хоча выносіць урокі з тых трагедый, якія ўзрушылі краіну…