Суд Цэнтральнага раёна Мінска разглядае справы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да двух святароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы – іераманаха Вікенція (Віктара Кавалькова) і айца Леаніда Акаловіча.

Карэспандэнт “Народнай Волі” пабываў у зале суда.

Абодвух святароў абвінавачваюць у парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў. Размова ідзе пра падзеі, якія адбыліся ў Мінску 7 красавіка бягучага года, – тады ў цэнтры горада сабралася дзве сотні чалавек, якія маліліся за ўратаванне крыжоў у Курапатах.

Суд над айцом Вікенціем прайшоў за паўгадзіны – суддзя Іван Касцян, даведаўшыся, што святар у свой час ваяваў у Афганістане, спыніў працэс. Пра дату яго працягу пакуль нічога не вядома.

Судовае разбіральніцтва па адміністрацыйнай справе 79-гадовага Леаніда Акаловіча вядзе суддзя Вікторыя Шабуня.

Адміністрацыйны пратакол у дачыненні да Леаніда Акаловіча, які, дарэчы, за ўсё сваё доўгае жыццё ўпершыню прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, быў складзены больш як праз месяц пасля падзей – 13 мая. У міліцэйскім дакуменце напісана, што Акаловіч быў удзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства. У якасці аднаго з галоўных доказаў віны святара ў справе фігуруе фотаздымак, на якім айцец Леанід стаіць з двума маладымі людзьмі. Тыя трымаюць у руках бел-чырвона-белы сцяг.

– Ніякай віны я за сабой не адчуваю, у несанкцыянаваным мерапрыемстве не ўдзельнічаў, – заявіў суду айцец Леанід.

Ён распавёў сваю версію падзей: 7 красавіка ён і сапраўды знаходзіўся ў цэнтры Мінска ля архікафедральнага сабора. Адсюль ён планаваў ехаць на малітву ў Курапаты. Да яго падышлі людзі з бел-чырвона-белым сцягам і папрасілі сфатаграфавацца. Пасля чаго Акаловіч прачытаў малітву і з’ехаў у Курапаты.

Сведкам па справе Леаніда Акаловіча выступіў супрацоўнік сталічнага АМАПа Арцём Жукавец. Паводле яго слоў, 7 красаваіка ён нёс службу ў цэнтры Мінска. Быў апрануты і цывільнае, там і ўбачыў Акаловіча разам з “групай асоб”. Якраз у той час, калі святар чытаў малітву.

– Не скажу, якая гэта была малітва, я ў гэтым не разбіраюся, – прызнаўся ў судзе Жукавец. (Ад сябе адзначым, што Акаловіч чытаў “Ойча наш”).

Паводле сведчанняў Жукаўца, да Леаніда Акаловіча падыходзіў супрацоўнік Цэнтральнага РУУС, апрануты ў міліцэйскую форму, і папярэдзіў пра тое, што акцыя не санкцыянавана Мінгарвыканкамам. Таксама сведка адзначыў, што вялася аператыўная здымка з месца падзей.

– Гэтага хлопца я бачу ўпершыню, – сказаў у судзе Леанід Акаловіч. – Тое, што ён гаворыць, – гэта лухта і хлусня. Калі ёсць відэа таго, як да мяне падыходзіў і прадстаўляўся нейкі супрацоўнік у форме, то няхай суд знойдзе магчымасць паказаць мне гэты запіс. Зразумела, ніхто да мяне не падыходзіў, ні пра што не папярэджваў…

Пасля гэтага суддзя Вікторыя Шабуня аб’явіла перапынак у справе. Судовае разбіральніцтва працягнецца заўтра, 30 мая.