Фото с сайта Ntv.ru

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пракаментаваў “Народнай Волі” ініцыятыву Міністэрства юстыцыі зрабіць празрыстай для шырокай грамадскасці фінансавую справаздачнасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый Беларусі.

Нагадаем, што Мінюст рыхтуе законапраект аб зменах у заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях. Адным з пунктаў можа стаць патрабаванне абнародавання фінансавай справаздачнасці гэтых арганізацый.

– Не так даўно я, Алег Трусаў і Сяргей Калякін сустракаліся з міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім, – кажа Анатоль Лябедзька. – У тым ліку абмяркоўваліся і змены ў Закон аб палітычных партыях.

І патрабаванне абнародавання фінансавай справаздачнасці гэтых арганізацый як мінімум насцярожвае. Мы задалі пытанне міністру: “Навошта ўводзіць такую норму?” Спадар Сліжэўскі патлумачыў: маўляў, гэта звязана з рэкамендацыямі міжнароднай арганізацыі GRECO.

Арганізацыя маніторыць барацьбу з карупцыяй у розных краінах, ужо некалькі год робіць справаздачы па Беларусі, але беларускія ўлады не хочуць іх абнародаваць. Гэта азначае, што праблема ў Беларусі ёсць, але яна не мае дачынення да палітычных партый, тым больш апазіцыйных.

– Зарэгістраваныя партыі, відаць, і так трымаюць фінансавую справаздачу?

– Безумоўна. Ёсць кантроль падатковай інспекцыі, рэгулярна правяраюць дакументацыю. І сёння замест таго, каб рэальна прыняць тую ж антыкарупцыйную праграму, якую падрыхтавалі ўсе палітычныя партыі, улады імітуюць выкананне рэкамендацый GRECO. Але робяць гэта якраз па тым накірунку, які на сёння і так празрысты.

Увогуле, мы прапанавалі зрабіць фінансаванне палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў так, як гэта робяць у цывілізаваных краінах. Там партыі фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту. У такім выпадку ў падаткаплацельшчыкаў з’яўляецца права нешта патрабаваць ад палітычных партый. Праўда, як мне падаецца, улады на гэта не пойдуць.

– За кошт чаго сёння фінансуюцца партыі?

– У асноўным фінансаванне ідзе за кошт ахвяраванняў. Грошы збіраюцца праз ведамасць, але, мяркую, зробяць усё, каб яшчэ больш стварыць праблем для апазіцыйных палітычных арганізацый.

– Можа быць, такім чынам улада хоча кантраляваць нейкія фінансавыя патокі з заходніх фондаў?

– Сёння дапамога заходніх фондаў калі і ёсць, то праз запрашэнне прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай грамадскасці на рознага кшталту семінары і канферэнцыі. Гэта не рэальныя грошы, якія паступаюць на рахунак партыі, а магчымасць браць удзел у мерапрыемствах, якія ладзяць міжнародныя партнёры.

– Калі ўжо зайшла размова пра барацьбу з карупцыяй, то, можа, варта было б, каб і высокія чыноўнікі таксама рэгулярна абнародавалі свае справаздачы аб даходах і маёмасці?

– Бюджэтам краіны і насамрэч распараджаюцца не партыі і аб’яднанні, а чыноўнікі. Менавіта яны размяркоўваюць сродкі, і вось там варта пашукаць карані карупцыі. Таму няхай бы спачатку ўладальнікі шыкоўных катэджаў у Драздах распавялі, за якія сродкі яны пабудавалі свае палацы. Пытанне пра тое, каб абнародаваць гэтыя дэкларацыі, Аб’яднаная грамадзянская партыя ўжо гадоў дваццаць узнімала. І не толькі высокія чыноўнікі павінны падаваць дэкларацыі, але і іх бліжэйшыя сваякі. Думаеце, нешта змянілася? Як бы не так!

А кантраляваць фінансаванне партый – гэта пустое. Партыі ў нас і так ужо даўно пад пільным вокам мноства спецслужбаў.