Фота:  Лагатып кампаніі “Каліноўскі 2019”

Аматары гісторыі і грамадскія актывісты Гродна распачалі кампанію папулярызацыі асобы Кастуся Каліноўскага. Гэта робіцца з мэтай, каб як мага болей беларусаў 2 лістапада сёлета прысутнічалі ў Вільнюсе на перапахаваннях парэшткаў Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў, пакараных смерцю ў 1863 – 1864 гадах.

Кампанія толькі пачынае развівацца і ў першы ж дзень гродзенскі гурт «Dzieciuki» добра вядомы сярод моладзі прэзентаваў новую песню «Час касінераў», прысвечаную паўстанню Каліноўскага.

Гродзенскі мастак Алесь Сураў распрацаваў лагатып кампаніі, а куцюрʼе нацыянальнай вопраткі «LSTR Adzieńnie» падрыхтавалі чарговую патрыятычную цішотку на паўстанцкую тэматыку «Gloria Victis», што ў перакладзе з латыні – «Слава пераможаным».

Ініцыятары кампаніі абяцаюць штотыдня радаваць беларусаў рознага кшталту цікавосткамі і заклікаюць усіх каму неабыякавая гісторыя роднага краю разам папулярызаваць памяць пра падзеі паўстання 1863-1864 гадоў.

Перапахаванне парэшткаў Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання адбудзецца на старых віленскіх могілках «Росы» сёлета 2 лістапада.

Кастусь Каліноўскі быў пакараны смерцю 22 сакавіка 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільнюсе. Яго цела было знойдзена сёлета падчас раскопак на гары Гедыміна літоўскімі археолагамі. Менавіта ў гэтым месцы ў тыя часы мясціўся расійскі вайсковы гарнізон. Акрамя Каліноўскага ў Вільнюсе былі пакараны смерцю каля 20 паўстанцаў, іх целы былі таксама раскапаны археолагамі на гары Гедыміна.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»