Перад уваходам у Генеральнае консульства Рэспублікі Польшчы ў Гродне, дзе мясціўся выбарчы ўчастак

У польскіх дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі падлічылі вынікі выбараў у Еўрапарламент. Усяго ў выбарах узялі ўдзел 179 грамадзян Польшчы, якія пражываюць у Беларусі. Большасць з іх – 77 чалавек прагаласавалі за Еўрапейскую кааліцыю, за Права і справядлівасць (кіруючая партыя) галасы аддалі 69 выбаршчыкаў.

У Беларусі грамадзяне Польшчы мелі магчымасць прагаласаваць у трох дыпламатычных прадстаўніцтвах: Гродне, Брэсце і Мінску. Галасавалі пераважна бізнесмены, дыпламаты, рэлігійныя дзеячы і турысты, якія ў дзень выбараў апынуліся ў Беларусі і мелі пры сабе адпаведныя дакументы.

У Гродне за ПІС аддалі свае галасы 40 выбаршчыкаў, што складае дзве трэціх ад галасаваўшых, у Брэсце ПІС перамог толькі на адзін голас, а ў Мінску за кіруючую партыю свае галасы аддалі толькі 16 выбаршчыкаў, 54 — за Еўрапейскую кааліцыю.

Тым часам у самой Польшчы прадстаўнікі Права і справядлівасць гавораць аб гістарычным трыўмфе сваёй партыі, паколькі ніколі раней у гісторыі яны не мелі такой падтрымкі ад выбаршчыкаў на выбарах у Еўрапейскі парламент. Пасля пералічаных 99,31 бюлетэняў за ПІС свае галасы аддалі 45,56% выбаршчыкаў, за Еўрапейскую кааліцыю – 38,3%. Іншыя партыі па выніках падлічаных бюлетэняў значна ад іх адстаюць.