Беларускае Палессе здаўна прыцягвала да сябе ўвагу. Сюды з усяго свету ехалі этнографы і фалькларысты, гаспадарнікі і абшарнікі, мастакі і аматары нечапанай прыроды. Надзейна адгароджанае ад цывілізацыі паўнаводнай Прыпяццю, Палессе захавала і даўнія традыцыі, і песенную аўтэнтыку, і своеасаблівы паляшуцкі гумар. Скажам, яшчэ 150 гадоў таму даследчык Чэслаў Пяткевіч запісаў у палескай глыбінцы незвычайны тост. Калі палешуку хацелася выпіць, а не было з кім, ён знаходліва размаўляў з налітай чаркай: “Хто ты будзеш? – Акавіта. / – А з чаго ты будзеш? – З жыта. / – А пашпарт у цябе ёсць? – Няма. / – Раз няма, табе – турма!” І са смакам выпіваў.

Выбіраючыся ў вандроўку на Палессе, я без лішніх роздумаў выбраў Столінскі раён. Па-першае, ён самы вялікі ў краіне па плошчы. Па-другое, менавіта на Століншчыне знаходзіцца самая вялікая ў Беларусі вёска. Па-трэцяе, Столінскі раён мяжуе з Украінай, што па-свойму ўплывае на яго развіццё. Я мог бы і далей пералічваць: па чацвёртае, па-пятае, па-шостае… Але лепш адзін раз пабачыць на свае вочы, чым дзесяць разоў прачытаць у Вікіпедыі. То – запрашаю на Століншчыну, падарожжа па якой мы пачнём з той самай найвялікшай вёскі Альшаны.

А ў наступных нумарах вас чакае серыя эксклюзіўных матэрыялаў са старажытнага Давыд-Гарадка, загадкавага Рубля, славутай сваімі ганчарамі Гарадной, памежнага Церабяжова…