Хакеісты Фінляндыі сталі чэмпіёнамі. Фота IIHF

Напярэдадні паўфіналаў чэмпіянату свету па хакеі, які ў пэўным сэнсе сенсацыйна завяршыўся ў мінулую нядзелю, абмеркавалі шанцы каманд з вядомым беларускім хакейным спецыялістам Васілём Панковым. Тым самым Панковым, які на Алімпіядзе-2002 меў непасрэднае дачыненне да не менш сенсацыйнай перамогі беларусаў у чвэрцьфінале турніру над славутымі шведамі.

«Тое, што расіян з іх зорным складам называюць асноўнымі фаварытамі першынства, гэта толькі словы і не больш за тое, – выказаўся мой суразмоўца. – Фаварыт – любая з чатырох каманд, бо ў такіх матчах зорнасць ігракоў – не заўсёды галоўнае».

Як у ваду глядзеў! Хіба хто верыў, што фіны ў стане спыніць зборную Расіі на чале з легендарнымі Аляксандрам Авечкіным і Іллёй Кавальчуком? Зборную, якая ў папярэдніх сямі матчах атрымала сем перамог з агульнай колькасцю закінутых і прапушчаных шайб 36:7! Але фінская каманда паказала неверагодна арганізаваную гульню і свой шанц выкарыстала на ўсе сто. Мінімальная перамога фінаў над расіянамі апусціла зорак з нябёс на зямлю, а сціплых фінскіх хлопцаў наблізіла да золата.

І наконт сціпласці – гэта не перабольшванне. За зборную Фінляндыі гулялі 18 (!) дэбютантаў чэмпіянатаў свету і толькі два ігракі з клубаў НХЛ. Але ж, як кажуць, па адзенні толькі сустракаюць. Напрыклад, 18-гадовы хакеіст Каапа Како за апошнія 13 месяцаў заваяваў тры залатыя медалі. У 2018 годзе разам з фінскай камандай выйграў юнацкі чэмпіянат свету, у студзені 2019-га – маладзёжнае першынство, а зараз стаў уладальнікам залатых медалёў і на дарослым турніры. Пры гэтым на чэмпіянаце свету малады талент правёў 10 матчаў і набраў 7 ачкоў. Таму я разумею, чаму ў гэтай зборнай каманды перспектыўная будучыня.

І менавіта гэтая каманда з хакеістамі без зорнай хваробы і шматмільённых доларавых заробкаў у фінале пасарамаціла канадцаў (3:1), у якіх што ні хакеіст, то зорка НХЛ.

Як жа так здарылася?!.

Поўны тэкст артыкула Алеся Сівага чытайце ў газеце “Народная Воля” за 28 мая