
Гродзенскі святар Уладзімір Пятручык зняў цудоўны фільм пра іконы навамучанікаў у гродзенскім Свята-Пакроўскім саборы – “Маўклівыя сведкі”. Гэтыя іконы паказваюць, як пакутавалі святары ў гады савецкага змагання з рэлігіяй. Падобных іконаў няма ні ў адным з праваслаўных храмаў Беларусі.
У 2007 годзе да 100-годдзя Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне ў храме быў змешчаны новы шэраг з 10 іконаў навамучанікаў. Напісаныя яны ў традыцыі блізкай да стылю іканапісу ХІУ-ХУ стагоддзяў. А вось адлюстраваны на іконах не толькі свяшчэннамучанікі, а і іх палачы – салдаты і афіцэры ў форме чырвонаармецаў са зброяй скіраванай на святых.
У фільме падрабязна распавядаецца гісторыя кожнага з навамучанікаў, адлюстраваных на іконе, які быў закатаваны ў гады савецкай улады. Усе іконы змешчаны на слупах храма і гэтым самым сімвалізуюць тое, што царква стаіць на крыві мучанікаў.
Ідэя напісання іконаў належыла архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму Арцемію. Яго пажаданні зводзіліся да таго, каб пазбегнуць “нейкіх там абстрактных рымскіх тог”, а паколькі падзеі гэтыя былі канкрэтныя, то і паказаць іх рэалістычна, каб было зразумела, хто і як учыніў тую ці іншую расправу над святарамі.
У фільме архіепіскап распавядае, што іконы якраз і дапамагаюць сучаснікам раскрыць для сябе сённяшні дзень і зразумець ролю хрысціянства.
«Пра гэтыя выявы сёння важна распавядаць, гэта наша гісторыя, і на мой погляд, яны адлюстроўваюць праўдзівую гісторыю – як усё было насамрэч», – перакананы аўтар фільма Уладзімір Пятручык.
Я добра памятаю, як з’явіліся новыя іконы ў Свята-Пакроўскім саборы ў 2007 годзе. Тады гэтая тэма прыцягнула многіх журналістаў у праваслаўны храм. Памятаю, як многія старэйшыя верніцы не маглі зразумець дзеля чаго на іконах выявы людзей у форме чырвонаармейцаў, падоўгу размаўлялі са святарамі, некаторыя не маглі адразу прыняць новыя іконы.
Аднойчы ў храм прыйшлі прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі і патрабавалі, каб святары прыбралі іконы з храма, бо, маўляў, яны прыніжаюць годнасць іх мундзіра. Святары выслухоўвалі іх і адказвалі, што нічога самі не прыдумалі, а ўсё, што ёсць на іконах, адпавядае гістарычнай праўдзе.
У публікацыях СМІ таго часу згадваецца, што некаторыя таварышы з мясцовага КГБ неафіцыйна раілі клірыкам прыбраць іконы, маўляў, яны правакуюць людзей такім чынам. Праўда, пра гэта распавядалі толькі святары, а КГБ, зразумела, такія факты не пацвярджаў.
Айцец Аляксандар Велісейчык, які на той момант быў настаяцелем храма, заявіў, што прыбраць іконы з храма можна толькі ў тым выпадку калі яны не праваслаўныя, але гэтыя іконы напісаны цалкам згодна з царкоўнымі канонамі.
Пра гэтыя факты якраз у фільме нічога не згадваецца.
Аўтар фільма, айцец Уладзімір, патлумачыў “Народнай волі”, што падчас працы над ім таксама згадваў пра 2007 год, калі іконы навамучанікаў з’явіліся ў храме. Аднак вырашыў гэтыя моманты ў яго не ўключаць, паколькі пры стварэнні фільма ставілася іншая мэта:
“Вельмі хацелася, каб фільм не падзяляў людзей, а наадварот іх аб’ядноўваў”, – зазначае стваральнік “Маўклівых сведкаў” айцец Уладзімір Пятручык.

Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!