Фото: © Белновости

На нядаўняй сесіі Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у якой прынялі ўдзел амаль 500 прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, былі ўнесены змяненні ў Палажэнне аб выбарах членаў НАН Беларусі.

Што гэта за змяненні?

Як вядома, сістэма абрання акадэмікаў і членкораў не раз крытыкавалася самімі вучонымі, яны неаднаразова звярталі ўвагу на той факт, што падчас выбараў за бортам застаюцца прыстойныя, добрыя вучоныя, якія, здавалася б, як ніхто заслугоўваюць ганаровых званняў акадэміка альбо члена-карэспандэнта. Гучалі нават меркаванні, што ў Акадэміі навук  пануе інтрыганства, кланавасць і менавіта з гэтай прычыны, напрыклад, на выбарах у 2017 годзе  фізікі-матэматыкі страцілі два месцы акадэмікаў, бо ў галіновым аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі праз непрымірымасць і саперніцтва дзвюх школ выбітных фізікаў –  Барысевіча і Сцяпанава — з аддзялення на Агульны сход не было вылучана ніводнага прэтэндэнта на званне акадэміка. Увогуле тыя  выбары ў Акадэмію навук самі вучоныя назвалі непрыемна сенсацыйнымі. Вакантнымі былі 11 месцаў акадэмікаў, а абралі толькі 5 чалавек. Менш за палову!

— Прынцыповых змяненняў у Палажэнне аб выбарах членаў НАН не ўнеслі, – расказаў “Народнай Волі” акадэмік Радзім Гарэцкі. – Механізм застаецца ранейшы, спачатку прэтэндэнтаў на акадэмічныя званні выбіраюць у галіновых аддзяленнях, а потым патаемным галасаваннем на Агульным сходзе. На сесіі толькі ўдакладнілі некаторыя палажэнні, напрыклад, які ўклад у навуку лічыць выбітным і г.д.

У Акадэміі навук кажуць, што сапраўды змяненні, якія былі ўнесены сёлета ў Палажэнне аб выбарах членаў НАН Беларусі, можна назваць касметычнымі. Больш грунтоўна дакумент пераглядаўся і ўдасканальваўся летась, і больш істотныя змяненні былі зацверджаны Агульным сходам НАН ад 26 красавіка 2018 года. Але што тычыцца самога галасавання – механізм застаўся той жа.

— Гэта закрытае галасаванне. Так было заўсёды і так застаецца. Гэта, пагадзіцеся, усё ж такі больш дэмакратычна, — кажуць у прэс-службе Акадэміі навук. — Але цяпер павышаны патрабаванні да тых, хто можа быць абраны ў члены-карэспандэнты і акадэмікі. Прэтэндаваць на званне акадэміка можа навуковец, які мае званне прафесара і падрыхтаваў не менш за чатырох кандыдатаў ці дактароў навук, мае публікацыі ў вядомых рэйтынгавых і цытаваных выданнях, кіруе навуковымі праграмамі і праектамі. То бок у прэтэндэнта павінна быць свая навуковая школа, ён мусіць працаваць не проста на сябе, але і рыхтаваць змену.

Патрабаванні да членаў-карэспандэнтаў таксама вызначаны: прэтэндэнт абавязаны быць доктарам навук, падрыхтаваць не менш як двух кандыдатаў навук, таксама мець апублікаваныя буйныя навуковыя працы, якія ўключаны ў міжнародныя базы дадзеных.

Адным словам, інтрыгуй — не інтрыгуй, але калі ў цябе няма вучняў, няма школы, важкіх навуковых прац — прэтэндаваць у акадэмікі ты не можаш.