З ініцыятывай аб увядзенні 50%-най ільготы на аплату праезду ў мінскім грамадскім транспарце для студэнтаў і пенсіянераў выступілі сябры Мінскага гарадскога камітэта Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.

Адпаведны зварот накіраваны ў Мінгарвыканкам і сталічны Савет дэпутатаў. У ім, у прыватнасці, гаворыцца:

“Асобнай і значнай часткай выдаткаў для кожнага грамадзяніна з’яўляюцца выдаткі на праезд у грамадскім транспарце. Асабліва цяжка рост коштаў на праезд адчуваюць найбольш незабяспечаныя слаі насельніцтва, у тым ліку пенсіянеры і студэнты.

У сувязі з гэтым Мінскі гарадскі камітэт Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” прапаноўвае ўстанавіць 50%-ную льготу на аплату праезду ў грамадскім транспарце для пенсіянераў і ўвесці сістэму сацыяльных праязных для студэнтаў дзённай формы навучання на працягу навучальнага года, кошт якіх будзе складаць 50% ад цаны стандартнага праязнога”.

“Народная Воля” патэлефанавала старшыні Мінскай гарадской арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Аляксандру Паўлаву.

– Мы лічым пытанне, якое ўзнята ў гэтым звароце, актуальным, злабадзённым, – гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. – Бо, нягледзячы на заявы з высокіх трыбун аб тым, што сярэдняя заработная плата па краіне складае 977,6 рубля і забяспечвае годнае існаванне ўсім працоўным, паводле афіцыйнай статыстыкі, заробак, ніжэйшы за сярэдні, атрымліваюць 75 працэнтаў працуючых, а кожны пяты працаўнік зарабляе менш за 500 рублёў у месяц. Памер пенсій, стыпендый і сацыяльных дапамог таксама пакідае жадаць лепшага і расце непрапарцыянальна росту цэн і тарыфаў. Гэтая праблема тычыцца ў тым ліку і мінчан.

– На вашу думку, за кошт якіх сродкаў транспартнікі могуць увесці льготны праезд у сталічным транспарце?

– Мы перакананы, што ў гарадскім бюджэце дастаткова сродкаў для таго, каб забяспечыць названыя льготы. Для гэтага неабходна скараціць выдаткі на неапраўдана дарагія рамонты адміністрацыйных будынкаў, на ўтрыманне бюракратычнага апарату, зрэзаць траты на дарагія і бессэнсоўныя імідж-праекты, а таксама ўзмацніць барацьбу з безбілетнікамі.

– Аляксандр Мікалаевіч, на які вынік гэтага звароту вы разлічваеце?

– У сталічных улад і дэпутатаў па законе ёсць месяц на разгляд нашага звароту. Пакуль чакаем. У ідэале было б добра, калі б да нас прыслухаліся, а калі не, то гэта таксама вынік. Дачакаўшыся афіцыйнага адказу, мы знойдзем магчымасць данесці да людзей, простых выбаршчыкаў, як да іх насамрэч ставіцца ўлада, ці хоча яна сапраўды палегчыць жыццё хаця б некаторых з нас. Калі так, то трэба рабіць справы, а не казаць пра іх…