Аляксандр Балоннікаў. Фота http://www.t-styl.info

«Каложа – туга мая светлая!» – падсумоўваў свае гродзенскія ўражанні Уладзімір Караткевіч у 1966 годзе. З тае пары старажытная царква на абрывістай нёманскай строме натхніла не адзін дзясятак паэтаў і мастакоў. Прыцаркоўны краявід, з якога боку ні зірні, уражвае. Нёман на даляглядзе, здаецца, упадае ў неба. А калі яшчэ ў храме ХІІ стагоддзя чуеш беларускую мову, то туга (хай сабе і светлая) неяк непрыкметна ператвараецца ў радасць. Прыемна было чуць, як малады бацька, дамовіўшыся пра хрышчэнне немаўляці на роднай мове, дзякаваў за такую магчымасць настаяцелю Каложскай царквы протаіерэю Аляксандру Балоннікаву, госцю нашай рубрыкі.

«У маленстве мяне цікавілі кнігі з выявамі храмаў»

– Ойча Аляксандр, як мне бачыцца, далёка не кожны чалавек (нават вернік) можа стаць святаром. Якім быў ваш шлях да святарства?

– Святарства – гэта пакліканне Божае. Але любая праца, якую чалавек выконвае з радасцю і сумленна, – таксама Божае пакліканне. Што тычыцца мяне, то я нарадзіўся ў звычайнай савецкай сям’і на ўсходзе Беларусі, на Гомельшчыне. Дзяды па маці паходзілі з Веткаўшчыны, мяне нават хрысцілі ў Ветцы. А бацька – з Гомельскага раёна. У вёсцы, дзе я нарадзіўся, царквы не было, бліжэйшая знаходзілася за дзясятак кіламетраў. Але ў дзяцінстве я ніколі не быў у царкве – ні з бацькамі, ні з бабуляй.

– А кім былі вашы бацькі па прафесіі?

– Маці працавала выхавацелькай у дзіцячым садку, бацька быў простым рабочым на заводзе. Калі мне было тры гады, мы пераехалі ў Гомель, дзе я пражыў да 15 гадоў. Потым паехаў вучыцца ў Пінскае педвучылішча, але не скончыў яго і паступіў у духоўную семінарыю, якая якраз адкрылася ў Жыровічах. Бо мяне з маленства, колькі сябе памятаю, цягнула на пошукі Бога. Скажам, мяне цікавілі тыя кнігі, дзе на малюнках сустракаліся выявы храмаў ці іконы…

Поўны тэкст размовы Міхася Скоблы з протаіерэем Аляксандрам Балоннікавым чытайце ў газеце «Народная Воля» за 24 мая