Здымак: Алесь Масюк

Сябры Слонімскага грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “МІНОЛС” ( Слонім – калі прачытаць наадварот) звярнуліся да старшыні райвыканкама Генадзя Хоміча з прапановай правесці сумесны круглы стол для абмеркавання праблемаў горада і раёна.

За круглым сталом прапануецца абмеркаваць найбольш значныя праблемы з тым, каб вызначыць сумесныя шляхі іх вырашэння. Да ўдзелу ў круглым стале “МІНОЛС” прапануе запрасіць прадстаўнікоў мясцовай улады, бізнесу і па некалькі сябраў ад кожнага грамадскага аб’яднання.

Адзін з валанцёраў “МІНОЛС”, Алесь Масюк сказаў “Народнай волі”, што на гэты крок іх падштурхнулі дэкларацыі саміх уладаў, якія неаднаразова заяўлялі аб тым, што далучэнне мясцовай грамадскасці да распрацоўкі і рэалізацыі ініцыятыў па паляпшэнню якасці жыцця ў рэгіёне з’яўляецца важнай задачай.

“А насамрэч гэтыя словы застаюцца толькі дэкларацыяй, бо нашы ўлады ніколі і ні па якіх найбольш значных пытаннях не радзяцца з жыхарамі горада, — звяртае ўвагу Масюк. – Апошні прыклад: у адным з мікрараёнаў горада пад будаўніцтва крамы вырубалі вялікія дрэвы. Людзі ў шоку, іх нават аб гэтым не папярэдзілі, не запыталіся ці ім гэта патрэбна”.

Масюк нагадаў, што больш 10 год таму ў Слоніме была падобная спроба грамадскіх арганізацый наладзіць кантакт з мясцовымі ўладамі для сумеснага вырашэння найбольш важных гарадскіх праблемаў, але скончылася нічым, хаця сустрэча і адбылася.

“Тым не менш мы спадзяёмся на супрацоўніцтва з уладамі дзеля дабрабыту нашага гораду, бо праблемаў шмат і іх лягчэй вырашаць супольна, — падкрэслівае Масюк. – Больш таго, у нас нядаўна змяніўся старшыня райвыканкаму і ёсць надзея, што і стаўленне да недзяржаўных грамадскіх арганізацый таксама зменіцца”.

Дарэчы, за валанцёрамі грамадскага аб’яднання “МІНОЛС” ужо значацца добрыя справы, якія яны правялі ў сваім горадзе: упарадкавалі дзіцячую пляцоўку, удзельнічалі ў акцыі па пасадцы дрэў і кустоў, правялі віктарыны і конкурсы сярод школьнікаў па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя, акцыі па мантажу і ўстаноўцы на тэрыторыі Слонімскага экалагічнага цэнтра цяпліцы для дэкаратыўных кветак і раслін, кармушкі і хаткі для птушак, правялі дзіцячыя святы, гульні і конкурсы.