Фота з адкрытых крыніц

Мінуў год з дня, як не стала выдатнага беларускага шахматыста Віктара Купрэйчыка.

Яго называлі Д’Артаньянам старадаўняй гульні. Ён жыў шахматамі і памёр, збіраючыся на чарговы турнір у Маскву.

“Народная Воля” патэлефанавала блізкаму сябру Купрэйчыка журналісту Іосіфу Калюце. Праз год пасля скону Віктара Купрэйчыка Іосіф Аляксандравіч узгадвае сябра.

– Смерць Віктара – вялікая страта, рана, якая не зажывае, – гаворыць суразмоўца “Народнай Волі”. – Мне яго вельмі не хапае. Не хапае нашых тэлефонных гутарак, сустрэч. У апошнія месяцы жыцця Віктара мы сустракаліся вельмі і вельмі часта. Помню, як падчас адной з размоў, якая адбылася ў маі мінулага года, за некалькі тыдняў да ягонай смерці, мы абмяркоўвалі шалёны рытм яго жыцця. Купрэйчык не ўмеў і не хацеў жыць па-іншаму. Ён быў максімалістам і ў жыцці, і ў шахматах.

Мы сябравалі з 1965-га. Узгадваючы Віктара, магу распавядаць многа, але сёння хочацца сказаць вось пра што. Купрэчык мог і ўмеў захапіць шахматамі каго заўгодна. З яго лёгкай рукі я стаў весці ў газеце “Знамя юности” рубрыку “Шах его величеству”, дзякуючы Купрэйчку ў Мінску з’явіўся Палац шахмат і шашак. Адтуль Купрэйчыка і праводзілі ў апошні шлях.

Я быў адным з першых, хто даведаўся пра яго хваробу. Шахматыст меў сур’ёзныя праблемы з ныркамі. Апошнія гады жыў на гемадыялізе.

Аднойчы, адлятаючы на турнір за мяжу, Купрэйчык дамовіўся аб працэдурах ў Мінску. Але зваротны самалёт затрымалі, і Віктар рызыкаваў не трапіць на гемадыяліз. Прамаруджванне пагражала яму смерцю. Тады абышлося – паспеў…

Я сказаў яму тады: «Віктар, можа, паберажэш сябе? Цябе ж і ўрачы просяць устрымлівацца ад паездак, настойваюць на адмове ад курэння…»

Купрэйчык уважліва выслухаў мяне і, запальваючы чарговую цыгарэту, сказаў: «Дзякуй за параду! Але ты ж ведаеш, што гульня – гэта маё жыццё. Калі я гуляю – жыву. І няма ў мяне іншай дарогі ні на адзін крок у бок… А калі мая гульня скончыцца, мне падкажа толькі Бог. Толькі яму вырашаць, толькі яму лепш відаць…»

Сёння мінуў год. Засталася памяць…

– Іосіф Аляксандравіч, ведаю, што вы рыхтуеце кнігу пра сябра…

– Так, кніга з рабочай назвай “Шчырыя шахматы Віктара Купрэйчыка” рыхтуецца да выхаду ў Маскве. Я толькі адзін з яе аўтараў. У кнізе ёсць некалькі маіх нарысаў-успамінаў пра Віктара. Яшчэ частку рыхтуе яго бліжэйшы маскоўскі сябра – гросмайстар Юрый Балашоў. Ён пракаменціруе самыя лепшыя партыі, згуляныя Купрэйчыкам.

Мяркуецца, што кніга пабачыць свет да 3 ліпеня – у гэты дзень Купрэйчыку споўнілася б 70 гадоў. Але магчыма, што выданне пабачыць свет крыху пазней – гэта звязана з пэўнымі тэхнічнымі момантамі.