Брэсцкі актывіст распавёў “Народнай Волі”, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца тыя, хто пратэстуе супраць будаўніцтва ў абласным цэнтры акумулятарнага завода.

Нагадаем, што ўзвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы “Аэрапорт” у Свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”. На прадпрыемстве будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзены ў Адміністрацыю прэзідэнта, аднак створаная ў сувязі са зваротам урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода, паведамляе БелаПАН.

Кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Брэсце прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, размаўляюць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў і… атрымліваюць за гэта штрафы.

– На пратэстоўцаў, безумоўна, ціснуць, – кажа актывіст з Брэста Алесь Абляк. – Прыкладна месяц таму затрымалі адразу 20 чалавек, працягваюцца суды. Таму мы вярнуліся да менш актыўнай фазы пратэсту – проста збіраемся на плошчы і кормім галубоў. Ужо няма шэсцяў з лозунгамі.

– Але ж з’явілася другая форма пратэсту – варта ля завода.

– Так, людзі кругласутачна стаяць і назіраюць за тым, як працуе прадпрыемства, якое не павінна працаваць. Як толькі фіксуюцца нейкія парушэнні, адразу паведамляем у адпаведныя органы.

– Не так даўно тыя, хто стаіць на варце, затрымалі фуру, якая выязджала ноччу з прадпрыемства. Ужо вядома, што там было?

– Так, актывісты з дапамогай ДАІ спынілі машыну, высветлілася, што фура цалкам загружана акумулятарамі. Праўда, пасля праверкі дакументаў вадзіцеля адпусцілі. У нас з’явіліся пытанні. Калі завод яшчэ не мае права працаваць, што за прадукцыю з яго вывозяць? Альбо завод тайна працуе без дазволу?

І вось нарэшце атрымалі адказ ад кіраўніцтва завода. Маўляў, у машыне былі не акумулятары, а паўфабрыкаты, якія праходзілі тэсціраванне, і іх павезлі ў Пінск. Але нам усё-такі падаецца, што там была ўжо гатовая прадукцыя.

Увогуле, прыязджалі нейкія высокія чыноўнікі са сталіцы, пасля чаго завод перастаў працаваць у тым рэжыме, як гэта было раней. Таму плён ад нашага пратэсту ёсць.

– Як вы ставіцеся да тых, хто выказваецца, што праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода – людзі, якім за гэта плацяць. Маўляў, грошы іх цікавяць больш, чым экалогія.

– Я такім людзям заўсёды кажу так: не трэба мераць па сабе. Калі вы можаце прадацца, то не варта стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень. Але я на такія выказванні проста не звяртаю ўвагі, хаця яны і насамрэч ёсць. Хтосьці кажа, што плацяць палякі, іншыя сцвярджаюць, што нас фінансуюць канкурэнты гэтага завода.

– Колькі будзе працягвацца пратэст?

– Будзем змагацца, пакуль хопіць сіл. На варту ля завода прыязджаюць усё новыя і новыя людзі. Таму, калі народ будзе далучацца, будзем пратэставаць. Праблема ж нікуды не знікла.