Людміла Карчэўская

Удзельніцу пратэстнага руху супраць акумулятарнага завода ў Брэсце Людмілу Карчэўскую пакаралі штрафам памерам 20 базавых велічынь (510 рублёў) за ўдзел у «кармленні галубоў» 14 красавіка, паведамляе «Берасцейская Вясна».

Вёў адміністрацыйны працэс суддзя Ленінскага суда Аляксандр Семянчук. Сведкам з боку міліцыі быў Аляксей Федарэнка. Па яго словах, Карчэўская пляскала ў далоні і крычала «Не заводу!».

Жанчына, у сваю чаргу, адзначыла, што падчас акцыі ніякіх палітычных лозунгаў не агучвала, не крычала «Не заводу!», у далоні не пляскала. Федарэнка хлусіць.

«Так, я прыходжу на плошчу па нядзелях. У мяне 5 унукаў, адна жыву ў непасрэднай блізкасці, 800 метрах ад завода. Мяне хвалюе іх здароўе, здароўе ўсіх берасцейцаў. У нас шмат людзей памірае ад раку. Калі паміраюць старыя – зразумела, але калі дзеці – не павінна так быць! Я прыходжу на плошчу, каб даведацца, што адбываецца з гэтым заводам, бо афіцыйныя крыніцы і ўлады праўды не кажуць» — сказала на судзе Людміла Карчэўская, настаўніца з 24-гадовым стажам.

Карчэўская спытала суддзю, ці бачыў ён на відэа, каб яна пляскала ў далоні і крычала. Суддзя Семянчук адказаў, што не бачыў, аднак верыць сведку-міліцыянту.

У выніку Аляксандр Семянчук прызнаў Людмілу Карчэўскую вінаватай у здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага ч.3 арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве), паўторна на працягу года. І пастанавіў пакараць пенсіянерку штрафам у 20 базавых адзінак.