Як паведамляе тэлеграм-канал «Nexta», скончыць жыцце самагубствам спрабаваў курсант I курса Следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС Эдуард С.

Паводле знаёмых, Эдуард – адзін з самых лепшых і самых пісьменных студэнтаў на курсе. Сесію здаваў на 9 балаў у сярэднім. Адзінай яго праблемай быў невысокі рост – крыху вышэй за 150 см. Праз гэта, як паведамляе «Nexta», курсавыя афіцэры пастаянна здзекаваліся над будучым міліцыянерам, прыдумлялі крыўдныя мянушкі і ў выніку давялі курсанта да вельмі цяжкага псіхалагічнага стану. Хлопец спрабаваў павесіцца на рамяні, аднак яго хутка заўважылі аднакурснікі і паспелі зняць яшчэ жывым.

Праз спробу суіцыду кіраўніцтва адміністрацыя Акадэміі гэтага аформіла дакументы на адлічэнне – Эдуарда прымусілі напісаць рапарт «па ўласным», каб не праводзіць службовае расследаванне.

«У выніку курсант пакінуў Акадэмію МУС хоць і без «белага білета», але з вялізным абавязкам за навучанне – каля 8000 беларускіх рублёў. Ніякай псіхалагічнай дапамогі яму пры гэтым, само сабой, не аказалі», – сцвярджае «Nexta».

На момант публікацыі каментар прадстаўнікоў Акадэміі МУС узяць немагчыма.

Акадэмія МУС – установа адукацыі Міністэрства ўнутраных справаў, якая рыхтуе будучых афіцэраў праваахоўных органаў. Сярод выпускнікоў – пяць міністраў унутраных справаў Беларусі, у тым ліку і дзейны міністр Ігар Шуневіч. Акадэмія МУС была створаная 1 красавіка 1992 года на аснове Мінскай вышэйшай школы МУС СССР. Цяпер акадэмія складаецца з пяці факультэтаў: факультэт міліцыі, следча-экспертны факультэт, крымінальна-выканаўчы факультэт, факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіроўных кадраў, факультэт права.