У прыгранічным мястэчку Парэчча Гродзенскага раёна ў мінулыя выхадныя прайшоў шосты Міжнародны фестываль духавых аркестраў “Фанфары сяброў”.

Сёлёта музычнае свята сабрала больш за 300 музыкантаў з шасці краін —Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы, Германіі і Беларусі.

Традыцыйна фестываль пачаўся з парада ўдзельнікаў па вуліцах Парэчча, на якія выйшлі ці не ўсе ягоныя жыхары. А галоўныя вуліцы ўвогуле былі перакрыты для праезду транспарту, і кожны аркестр суправаджалі апладысментамі. Атмасфера панавала несамавітая.

У суботу і нядзелю на школьным стадыёне, дзе была ўладкавана сцэна, гучала музыка ў выкананні духавых аркестраў. Прычым, музыка гучала ад класічных маршаў да джазавых, рокавых і нават рэпавых кампазіцый.

Валерый Сак, дырыжор і кіраўнік духавога аркестра Парэчскай школы мастацтваў, які з’яўляецца заснавальнікам фестывалю, распавёў “Народнай Волі”, што сёлетнія “Фанфары сяброў” прысвечаны 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.

“Наш фестываль праводзіцца раз у два гады і кожны раз сюды імкнуцца прыехаць новыя калектывы з розных краін, — — распавёў Сак. – Як правіла, мы знаёмімся з калегамі з іншых краін падчас удзелу ў розных міжнародных канцэртах і конкурсах. І наша маленькае мястэчка на годным узроўні праводзіць міжнародны фестываль”.

Паводле слоў Валерыя Сака, Парэчча называюць сталіцай духавой музыкі Беларусі. Многія выпускнікі мясцовай музычнай школы становяцца студэнтамі вышэйшых музычных навучальных устаноў сталіцы. На фестываль “Фанфары сяброў” наведваюцца і вядомыя сталічныя музыканты, выкладчыкі вышэйшых навучальных музычных устаноў краіны.

“У Парэччы ў школу ходзяць 240 дзяцей і больш 70 з іх наведваюцца ў нашу музычную школу і ўдзельнічаюць у духавым аркестры, — не без гонару заўважае Валерый Сак. – Таму ў мястэчку кожны чалавек ведае наш аркестр і з задавальненнем прыходзіць на фестываль”.

А яшчэ ў прыгранічным Парэччы знаходзіцца першы чыгуначны вакзал, які быў пабудаваны ў Беларусі. Ён пачаў эксплуатавацца ў 1862 годзе.

На галоўнай вуліцы – аркестры!

 

На галоўнай вуліцы – аркестры!

На галоўнай вуліцы – аркестры!

На галоўнай вуліцы – аркестры!

На галоўнай вуліцы – аркестры!

На галоўнай вуліцы – аркестры!

Фота аўтара