Курапаты.Фота Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” паказалі, дзе беларускія ўлады плануюць пабудаваць новы выставачны цэнтр. Пляцоўка для яго была абраная ля паўночнай мяжы Мінска, на ўсход ад урочышча Курапаты – месца сталінскіх расстрэлаў у 1930-я.

У сюжэце пра новую будоўлю камера здымае поле ў раёне Курапатаў з двух ракурсаў, піша Еўрарадыё. Першы – наўпрост ад ахоўнай зоны, урочышча знаходзіцца за спінай аператара дзяржаўнага тэлебачання:

БТ паказала, дзе побач з Курапатамі плануюць пабудаваць выставачны цэнтр
Кадр з эфіра «Беларусь 1»

Наступныя кадры зробленыя з вуліцы Мірашнічэнкі. На дальнім плане бачнае ўрочышча Курапаты:

БТ паказала, дзе побач з Курапатамі плануюць пабудаваць выставачны цэнтр

Мяркуючы па гэтых здымках, для выставачнага цэнтра абранае поле, дзе ў пачатку 2000-х збіраліся будаваць жылы квартал “Сонечны”. Аднак пасля масавых пратэстаў улады ад гэтай ідэі адмовіліся. Пасёлак такі пабудавалі, але крыху далей ад горада, за трасай H-9031 “Калодзішчы – Заслаўе”:

БТ паказала, дзе побач з Курапатамі плануюць пабудаваць выставачны цэнтр
Скрыншот: «Яндэкс.Карты»

Пра тое, што ў Мінску патрэбны новы сучасны выставачны цэнтр, на мінулым тыдні заявіў Аляксандр Лукашэнка. Вядома, што кіраўніку Беларусі прапаноўвалі розныя пляцоўкі для будаўніцтва. Напрыклад, у вёсцы Малінаўка на скрыжаванні МКАД і Брэсцкай шашы. Але выбралі іншае месца – поле ля Курапатаў, якое па дзяржаўныя журналісты называюць “пляцоўкай каля гандлёвага цэнтра «Экспабел»”.

Канцэпцыя цэнтра прадугледжвае будаўніцтва трох крытых павільёнаў, кангрэс-хола з бізнес-цэнтрам і адкрытай выставачнай пляцоўкі. Агульная плошча пабудоваў – 30 тысяч квадратных метраў. “Трэба зрабіць проста і красіва. Дабротна. Якасна. Таму яшчэ раз папярэджваю: не мусіць быць лішніх трат”, – заявіў на нарадзе па выставачным цэнтры Аляксандр Лукашэнка.

Курапаты – урочышча пад Мінскам, дзе ў 1930-я расстрэльвалі і хавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Па розных адзнаках, у невялікім урочышчы за мінскай кальцавой дарогай можа быць пахавана ад 7 тысяч да 250 тысяч чалавек. Шмат хто з ахварыў пазней быў пасмяротна рэабілітаваны.

У 1990-я і 2000-я ў Курапатах узнік народны мемарыял: людзі, не спадзеючыся, што ўлады калі-небудзь ушануюць памяць расстраляных, прыносілі і ўсталёўвалі крыжы наўпрост паміж дрэвамі. У лістападзе 2018 годзе ва ўрочышчы адкрыўся афіцыйны помнік ахвярам рэпрэсіяў. А ў красавіку 2019 года ўлады знеслі крыжы, якія стаялі ўздоўж заходняй і паўднёвай межаў урочышча.