Здымак: Андрэй Галавенка

Гродзенец Андрэй Галавенка быў аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1275 рублёў) за рэпост у сацыяльных сетках аднаго з кліпаў сусветна вядомага нямецкага гурта Rammstein.

Яшчэ ў 2014 годзе Андрэй перанёс відэа на сваю старонку ў сацыяльных сетках, а праз чатыры з паловай гады да яго ў дзверы пастукаліся праваахоўныя органы.

Супраць маладога чалавека была ўзбуджана крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 343 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (выраб і распаўсюджванне парнаграфіі). Гэты артыкул прадугледжвае зняволенне ад 2 да 4-х гадоў. Як згадвае сам Андрэй, ён быў у поўнай роспачы і не ведаў, што рабіць.

“Я ніколі, па-першае, не ўяўляў, што гэты кліп мае нейкую небяспеку для грамадства. І тым больш не мог уявіць, што праз чатыры з паловай гады будуць за гэта ўзбуджаць супраць мяне крымінальную справу, – згадвае Галавенка. – Трэба было наймаць адваката, але не было за што і тады праз інтэрнэт звярнуўся да людзей добрай волі за дапамогай”.

Грошы на адваката і іншыя судовыя выдаткі сабралі хутка і прычым, болей чым патрабавалася. А ў працэсе разбіральніцтва крымінальная справа супраць яго была спынена – паўплываў тэрмін даўніны і станоўчыя характарыстыкі з працы.

Тым не менш, Андрэй Галавенка быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У выніку ён быў аштрафаваны 10 мая на 50 базавых велічынь (1275 рублёў), да гэтага давялося выплаціць судовыя выдаткі і аплаціць экспертызу.

“Але на гэтыя выдаткі мне хапіла грошай з тых, што былі сабраныя праз інтэрнэт, – сказаў “Народнай волі” Галавенка. – Я ўсё аплаціў і вельмі ўдзячны людзям за дапамогу”.

Але і тут зарана ставіць кропку. Яшчэ адна неспадзяванка чакала Андрэя Галавенку падчас гэтай не вельмі прыемнай гісторыі. Праз сацыяльныя сеткі да Андрэя звярнуўся выдавец кніг (прозвішча ён наўмысна не называе) саліста гурта Rammstein Ціля Ліндэнмана.

“Ён пабачыў інфармацыю пра маю справу ў сацыяльных сетках, паразмаўляў пра гэта з Ліндэнманам і той адказаў, што яны гатовыя аплаціць мае судовыя выдаткі, – распавядае Галавенка. – Я быў уражаны, але адмовіўся ад дапамогі, паколькі грошай якія мне сабралі ў сацыяльных сетках хапіла, каб цалкам усё аплаціць”.

Андрэй Галавенка не з’яўляецца фанам гурта Rammstein, паводле яго, чуў толькі некалькі іх песень. Ён з большай сімпатыяй слухае песні Лявона Вольскага, але пра тое, як нямецкі музыка прапанаваў яму дапамогу ў складаную хвіліну жыцця, ніколі не забудзе.

Андрэю Галавенку 24 гады, ён працуе на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў.

Поделиться ссылкой: