Таццяна Барэль. Фота БелаПАН

Суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў удзельніцу “Чарнобыльскага Шляху” Таццяну Барэль. За ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і выказванне ўласнай грамадзянскай пазіцыі былога педыятра аштрафавалі на 382 рублі 50 капеек – 15 базавых велічынь. Гэтая сума крыху не дацягвае да месячнай пенсіі, якую зараз атрымлівае жанчына. Карэспандэнт “Народнай Волі” пабываў на судовым пасяджэнні і даведаўся пра ўсе акалічнасці здарэння.

Мы сустрэліся з Таццянай Уладзіміраўнай Барэль на ганку суда за паўгадзіны да пачатку разбіральніцтва.

– Усё жыццё я адпрацавала дзіцячым урачом у Асіповічах, – пачала жанчына свой аповед. – А падчас навучання я трапіла на практыку ў дзіцячае гематалагічнае аддзяленне першай клінічнай бальніцы. На пачатку 1980-х там было ўсяго некалькі ложкаў – хваробы крыві ў дзетак тады былі рэдкасцю. Яшчэ адна палата была ў Мінскай абласной бальніцы – і ўсё. Пасля таго як выбухнуў Чарнобыль, сітуацыя пагоршылася. Падчас прыёмаў я стала заўважаць, што ў многіх дзетак з’явіліся шумы ў сэрцы, сталі выяўляцца праблемы з сасудамі. Зараз увогуле сітуацыя жахлівая – не рэдкасць дзіцячыя інфаркты і інсульты, я ўжо не кажу пра тое, што дзіцячыя аддзяленні анкадыспансераў забіты пад завязку. Прагрэсіруе і дзіцячы лейкоз. Карацей, ёсць ад чаго схапіцца за галаву і біць у званы!..

Як медык, я упэўнена: аварыя на Чарнобыльскай АЭС – галоўная прычына сур’ёзных дзіцячых захворванняў.

Я стала цікавіцца гэтай тэмай больш глыбока. Прачытала кнігу Алеся Адамовіча “Имя сей звезды – Чернобыль», стала цікавіцца даследаваннямі прафесара Юрыя Бандажэўскага… Я ўпэўнена, што наступствы той аварыі – жахлівыя і па сённяшні дзень. Іх нельга замоўчваць, пра гэта трэба крычаць!

Сёлетні “Чарнобыльскі Шлях” стаў у маёй біяграфіі юбілейным – я прыехала на акцыю ў дваццаты раз.

– Ведалі, што ўпершыню за доўгія гады акцыя несанкцыянаваная?

– Так. Ведала і тое, што могуць затрымаць і адправіць на суткі, таму ўзяла з сабой у Мінск цёплыя рэчы, пітную ваду. Не паехаць я не магла. З сабой я ўзяла самаробны плакат, на якім было напісана, што ў 2018 годзе ў Беларусі памёр 134.621 чалавек і што натуральны прырост насельніцтва склаў мінус 23.371 чалавек (беларусаў нарадзілася менш, чым памерла). Былі на плакаце і жахлівыя лічбы за першыя тры месяцы 2019 года. За гэты час у Беларусі памерла 42.325 чалавек. Выснова напрошваецца сама сабой: гэта, вобразна кажучы, генацыд! Я так і напісала на плакаце і спыталася: хто за гэта адкажа?

Лічбы гэтыя, дарэчы, узяты ў адкрытым доступе – яны апублікаваны на сайце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Страшна: мы, беларусы, выміраем! Страшна і тое, што большасць з нас абыякава ставяцца да гэтага.

Жудасна, што беларускія землі, якія пацярпелі ад радыяцыйнага атручвання, засяваюцца. Я, як медык, ведаю, што перыяд паўраспаду некаторых радыяцыйных элементаў складае больш за 400 гадоў і што радыяцыя дагэтуль асядае ў нашых арганізмах – праз паветра, якім мы дыхаем, праз прадукты, якія мы ямо…

– Ці доўга вы стаялі з тым плакатам ля будынка Акадэміі навук?

– Нядоўга. Вы ж ведаеце: удзельнікаў “Чарнобыльскага Шляху” сёлета было няшмат – некалькі дзясяткаў чалавек. Нас папярэдзілі, што акцыя не дазволена Мінгарвыканкамам, я пастаяла, можа, хвілін з дваццаць, згарнула плакат і пайшла па справах. У падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа з розных бакоў да мяне падышлі чацвёра ў цывільным: “Гражданка, пройдемте с нами». Так мяне і затрымалі.

Пасля гэтыя хлопцы настойліва прасілі: скажыце нам, што вы не ведалі аб тым, што акцыя несанкцыянаваная, маўляў, суд гэта ўлічыць… Але я сказала ім праўду – ведала, на што ішла.

З дваімі з тых, хто яе затрымліваў, Таццяна Барэль сустрэлася ў судзе – гэта супрацоўнікі АМАП Віталь Быкаў і Дзмітрый Папельскі. Менавіта яны, згодна з судовай беларускай практыкай, і выступілі сведкамі ў судзе. Трэба аддаць належнае гэтым хлопцам: яны ні словам не схлусілі. Скажам шчыра, хлусіць ім ніякай патрэбы не было – Таццяна Барэль цалкам прызнала сваю “віну”.

У судовым пасяджэнні, якое вёў суддзя Максім Трусевіч, жанчына адзначыла:

– Я ўвогуле не згодна з існаваннем закона, які абмяжоўвае права грамадзян на публічнае выказванне поглядаў і думак, але калі такі закон ёсць, то, значыць, я яго і спраўды парушыла.

На разгляд справы ў суда пайшло паўгадзіны. На вынясенне рашэння – амаль гадзіна.

У выніку Таццяну Барэль прызналі вінаватай у парушэнні закона аб пікетаванні і прысудзілі штраф у памеры 15 базавых велічынь – 382 рублі 50 капеек.

– На станоўчы вынік я, прызнацца, не разлічвала, – сказала пасля суда Таццяна Барэль. – Сума, на якую мяне аштрафавалі, на 70 рублёў меншая за маю месячную пенсію. Але выплачу, што зробіш. Нягледзячы ні на што, я ні аб чым не шкадую. І ў наступным годзе я таксама збіраюся выйсці на “Чарнобыльскі Шлях”…