Помнік на магіле Аляксандра Коржыча. Фота Сяргея Канапляніка.

Зрабіць гэта абяцаў маці загінулага салдата асабіста міністр абароны Андрэй Раўкоў, піша «Радыё Свабода».

Пра тое, што Міністэрства абароны паставіла помнік на магіле Аляксандра Коржыча, Свабодзе паведаміла маці загінулага Святлана. Першапачаткова помнік збіраліся паставіць да дня нараджэння Аляксандра 15 красавіка, аднак зрабіць гэта атрымалася толькі незадоўга да Радаўніцы.

«Паставілі помнік, засталося яшчэ крыху добраўпарадкаваць там, плітку пакласці, але помнік ужо стаіць, — расказала Святлана Коржыч. — Хадзілі ўчора з ваенкомам на могілкі, глядзелі, што яшчэ трэба зрабіць. У ваенкамаце кажуць, што грошай больш няма ў іх. Калі так, то я сама дараблю. Дзякуй і на гэтым».

Святлана ня ведае, колькі дакладна грошай Мінабароны пералічыла на помнік. Жанчына кажа, што падобны помнік у Пінску можа каштаваць каля 10 тысяч рублёў. Раней на магіле Аляксандра стаяў драўляны крыж, пастаўлены падчас пахавання. Як расказала Святлана Коржыч Свабодзе, паставіць помнік на магіле яе сына паабяцаў асабіста міністр абароны Андрэй Раўкоў. Гэта адбылося падчас асабістага прыёму ў міністэрстве.

«Мне падабаецца, добры помнік, — дадае Святлана Коржыч. — Адзінае, што пасля святары адмаўляліся асвяціць яго. Мы пайшлі прасіць разам з сястрой Сашы. Спачатку адзін не захацеў, потым яшчэ адзін. Ды яшчэ нам у рукі ўсунуў картку з малітвай за суіцыднікаў. Вельмі крыўдна было… У выніку знайшоўся яшчэ адзін святар, малады. Ён асвяціў».

Аляксандр Коржыч трагічна загінуў на тэрыторыі Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў барысаўскіх Печах у канцы верасня 2017 года. Яго цела было знойдзенае павешаным у падвале медычнай роты толькі праз тыдзень пасля здарэння. Першапачаткова Мінабароны назвала выпадак шараговым суіцыдам, аднак пасля розгаласу ў СМІ ў Печах адбыліся масавыя затрыманні сяржантаў і афіцэраў, а кіраўнік навучальнага цэнтру страціў пасаду.

Суд у справе аб смерці Аляксандра Коржыча прайшоў восенню 2018 года. Трое яго былых сяржантаў былі прызнаныя вінаватымі ў дзеяннях, якія сталі прычынай самагубства салдата, і атрымалі ад 6 да 8 гадоў зняволення. Яшчэ дзясяткі вайскоўцаў з Печаў, у тым ліку адзін афіцэр, былі асуджаныя за іншыя злачынствы.

Маці Аляксандра Коржыча не згодная з рашэннем суда. Яна настойвае, што яе сын стаў ахвярай забойства.