Сын Віталя Шавяленкава / Фота з акаўнту Сяргея Пятрухіна на Фэйсбуку

5 мая ў Брэсце міліцыянты жорстка затрымалі Віталя Шавяленкава — праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода. Затрыманне адбывалася на вачах малалетняга сына, якому чатыры з паловай гады.

«Як распавёў сусед Раман, каля 11:30 ён пачуў крыкі на вуліцы каля №11 на вул. Энгельса. Праз вакно ён убачыў, як яго суседа Віталя Шевяленкава запіхвалі ў міліцэйскі «бобік» тры міліцыянта і адзін ў цывільным. Віталь зваў на дапамогу, крычаў «Ратуйце!» У двух кроках ад іх стаяў сын Віталя і крычаў на ўсю вуліцу. Нейкім чынам міліцыянты адпусцілі Віталя, і ён ўзяў сына пасадзіў у свой аўтамабіль, які стаяў побач, закрыў дзверы і кінуўся бегчы у бок парку Першага траўня. Мянтоўскі «бобік» паехаў за ім.

Малы, зачынены ў аўто, ашалела крычаў.

Праз некалькі хвілін аўто адчыніла жонка Віталя. Да яе ў кватэру зайшоў незразумелы лысы чалавек і сказаў, што ў іх машыне плача дзіця. Ён адмовіўся прадстаўляцца і паказваць свой мянтоўскі аўсвайс і вельмі хутка збег адтуль на сваім цывільным аўто. Прыкладна ў той час Раман пачуў як нехта з міліцыянтаў далажыў па рацыі, што Віталя затрымалі па 17.1 і адвезлі ў Ленінскі РАУС», — апісаў сітуацыю брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін.

Па яго словах, жонка Шавяленкава аднесла Віталю перадачу. Сам мужчына, дарэчы, цяпер знаходзіцца на бальнічным па доглядзе за сынам.

У каментары Радыё «Свабода» жонка Шавяленкава Ганна распавяла: у міліцыі ёй заявілі, што абскардзіць дзеянні міліцыянтаў яна можа ў пракуратуры. Там у сваю чаргу паведамілі, што скаргу змогуць зарэгістраваць толькі 10 мая, калі скончацца доўгія выходныя.

5 мая брэстаўчане традыцыйна абраліся на плошчы Леніна «пакарміць галубоў». Так яны ўжо некалькі месяцаў пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода на ўскрайку горада. Паводле неафіцыйных ацэнак на акцыю ў нядзелю выйшла каля 120 чалавек.