Фота: mvd.gov.by

У Стаўбцоўскім раёне на міліцыянера напалі вяскоўцы з віламі ў руках. Сутычка адбылася ўвечары 1 траўня ў вёсцы Вязавец. Як інфармуе Еўрарадыё са спасылкай на прэс-служба МУС, спачатку з бальніцы ў міліцыю паведамілі пра здарэнне ў згаданай вёсцы — аднаго з вяскоўцаў прывезлі з нажавым раненнем. 32-гадовы мужчына распіваў алкагольныя напоі разам з суседам і яго двума сынамі. А пасля ўзнікла сварка, падчас якой пацярпелага і паранілі ў руку.

У Вязавец выехала следча-аператыўная група і асобна — участковы міліцыянер. Апошні прыехаў першым. Бацька з сынамі яго пабачылі, пачалі пагражаць і абражаць. А пасля гаспадар узяў у рукі вілы. Адзін з нападнікаў паспрабаваў ударыць міліцыянера, другі металічнай трубой разбіваў аўтамабіль. Участковы зрабіў некалькі стрэлаў з табельнай зброі ў паветра. Толькі гэта і спыніла п’яных хуліганаў.

Неўзабаве на месца прыехала міліцэйскае падмацаванне. 56-гадовага бацьку і яго сыноў ва ўзросце 26 і 30 гадоў затрымалі і завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Паводле папярэдніх ацэнак, міліцыянер дзейнічаў «правамерна».

У Стаўбцоўскім раёне на міліцыянера напалі вяскоўцы з віламі ў руках
Фото: mvd.gov.by