Беларуская канфэдэрацыя дэмакратычных прафсаюзаў вырашыла ў 2019 годзе адмовіцца ад правядзеньня вулічных акцыяў на 1 траўня — Міжнародны дзень салідарнасьці працоўных. Прычына тая ж, што з Чарнобыльскім шляхам: ня хочуць плаціць міліцыі за ахову. ​

Адмову ад акцыяў пацьвердзіў Свабодзе старшыня Канфэдэрацыі Аляксандар Ярашук — гэтае рашэньне прынялі 11 красавіка.

Прычына адмовы ад акцыяў, тлумачыць Ярашук, тая ж, што была ў арганізатараў Чарнобыльскага шляху: міліцыі трэба плаціць «шалёныя грошы», а гэта, кажа ён, «зьдзек зь людзей, з арганізацыі, са здаровага сэнсу». Калі выбіраць між тым, каб адмаўляцца ад аплаты і парушаць правілы арганізацыі мітынгаў, і тым, каб нічога ня ладзіць, другое будзе больш правільным, разважае ён.

«Калі нешта іншае ўчыняць, трэба мець сілы і гатоўнасьць людзей рабіць масавыя акцыі, — кажа Ярашук. — А ні гатоўнасьці, ні сілаў мы ня бачым. Людзі яшчэ не гатовыя выйсьці за свае правы і прынцыпы».