Фота з сайта racyja.com

Старшыню непрызнанага дзяржавай Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс вызвалілі ад адказнасці за арганізацыю традыцыйнага кірмашу, перадае Радыё Свабода.

Суд Ленінскага раёна Гродна 23 красавіка спыніў адміністрацыйную справу супраць А. Борыс.

Справу разглядала суддзя Алена Пятрова. У якасці сьведкаў выступілі міліцыянты. Паводле суддзі, Борыс парушыла парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў (ч. 2 арт. 22.34 КаАП Беларусі).

Анжаліка Борыс не прызнала сваёй віны, бо ладзіла кірмаш згодна са статутам СПБ.

Кірмаш праводзіўся ў Гродне ва ўнутраным дворыку побач з польскім кансулятам 3 сакавіка. Як патлумачыла Анжаліка Борыс, гэтую тэрыторыю СПБ арандуе.

У судзе лідарка неафіцыйнага СПБ назвала працэс камедыяй і заявіла, што ён палітызаваны. За ім, паводле яе меркавання, стаіць КДБ.

«Гэта ўдар па польскай меншасці ў Беларусі, па польскай культуры», — адзначыла Борыс.

Па словах Борыс, яна працягне займацца папулярызацыяй польскай мовы і культуры. «Тое, чым я займалася, буду займацца далей, хочаце — судзіце, хочаце саджайце», — сказала кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюза палякаў.

Падтрымаць Борыс у судзе прыйшлі каля ста чалавек, сярод іх палітык Аляксандр Мілінкевіч, журналіст Анджэй Пачобут, экс-старшыня СПБ Тадэвуш Гавін. Усе прысутныя не змясціліся ў залі.