Былы кіраўнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку (ГУПР) Менгарвыканкаму Андрэй Дамарацкі ўжо амаль год, як знаходзіцца за кратамі ў СІЗА. Чыноўніка затрымаў Следчы камітэт 7 траўня летась за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Сёння справу Дамарацкага пачалі разглядаць ў судзе Цэнтральнага раёну Менску, перадае карэспандэнт belsat.eu.

Андрэя Дамарацкага вінавацяць адразу ж паводле трох артыкулаў КК: ч.3 арт.430 (атрыманне хабару), ч.3 арт.424 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў), ч.1 арт.210 (крадзеж).

Андрэй Дамарацкі да верасня 2017 займаў пасаду намесніка старшыні Менгарвыканкаму – курыраваў гандаль. Чыноўнік запомніўся на гэтай пасадзе ў тым ліку прагрэсіўнымі рашэннямі: надаваў увагу развіццю беларускай кухні, крытыкаваў залішні кантроль за грамадскім харчаваннем.

Праз аптымізацыю дзяржапарату яго пасаду скарацілі, і Дамарацкі стаў начальнікам галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму.