Фота аўтара

На жылым доме на вуліцы Элізы Ажэшкі, 49, дзе з 1962-га па 1976 год жыў і працаваў вядомы гродзенскі літаратар і грамадскі дзеяч, усталявалі памятную шыльду ў яго гонар.

З ініцыятывай ушанаваць памяць Аляксея Нічыпаравіча Карпюка выступіла грамадскасць горада. Выканаў шыльду гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, а сродкі на яе зафундавала сям’я Карпюка. Дарэчы, памятную шыльду ўсталявалі амаль праз 17 гадоў пасля смерці пісьменніка.

Яе адкрыццё амаль супала з 99-годдзем Аляксея Нічыпаравіча – ён нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава каля Гарадка, цяпер Падляшскага ваяводства Польшчы.

Пачынаючы з 50-х гадоў мінулага стагоддзя Карпюк заявіў сябе як таленавіты пісьменнік, які быў па-сапраўднаму ўлюбёны ў свой горад. Ягоныя кнігі – лепшае, што было напісана пра Гродна і Заходнюю Беларусь. Аб ягоным жыццёвым і творчым шляху на адкрыцці памятнай шыльды распавядаў прафесар Аляксей Пяткевіч, які добра ведаў Карпюка асабіста.

“Ён быў гродзенцам, якога даўно не было і наўрад ці хутка такі з’явіцца”, – так высока асобу Карпюка ацаніў прафесар Пяткевіч.

Гродзенцы памятаюць Карпюка як стваральніка і дырэктара сучаснага музея Гісторыі рэлігіі, як лідара вальнадумнай інтэлігенцыі ў горадзе ў 1960–1980 гадах, які падтрымліваў сувязь з пісьменнікамі-дысідэнтамі часоў савецкай эпохі. За сваю смелую грамадзянскую пазіцыю часта пераследаваўся ўладамі, яго выключалі з КПСС, а ён, хоць і быў перакананым камуністам, ніколі не аддаваў перавагу ідэалогіі перад агульначалавечымі ідэаламі.

Марыя Загідуліна, старшыня гарадскога савета па манументальным мастацтве нагадала, што ў наступным годзе споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Карпюка, і прапанавала з гэтай нагоды правесці навуковую канферэнцыю.